Мінскі аўтазавод спыняецца на тыдзень

Як паведаміў старшыня прафкама Менскай гарадской першаснай арганізацыі прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Уладзімір Лазоўскі, працоўных Менскага аўтазавода пачалі папярэджваць, што прадпрыемства не будзе працаваць з 1 па 8 сакавіка.

«Майстры ўжо папярэджваюць працоўных, што з 1 па 8 сакавіка завод не будзе працаваць наогул. Тлумачыцца гэтая мера тым, што прадукцыя МАЗа не рэалізуецца ў Расеі і ў сувязі з гэтым узнікаюць праблемы з забеспячэннем матэрыяламі. Невядома, што будзе пасля 8 сакавіка. Доўгатэрміновыя абяцанні ніхто даваць не хоча. Людзей проста ставяць перад фактам – тыдзень працаваць не будзем», – паведаміў Уладзімір Лазоўскі.

Прафсаюзны актывіст нагадаў, што МАЗ ужо некалькі тыдняў працуе ў скарочаным рэжыме. Аўтобусная вытворчасць працуе 4 дні ў тыдзень, астатнія – 3 дні.

«Працы няма, усе пляцоўкі загружаныя аўтамабілямі. Вырабляць прадукцыю на склад – замарожваць тыя нешматлікія абаротныя сродкі, якія яшчэ ёсць», — упэўнены Лазоўскі.

Пры гэтым прафсаюзны лідэр адзначае, што скарачэнне працоўнага тыдня і без таго моцна адбілася на заробку працоўных. Вымушаны поўны прастой скароціць зарплаты яшчэ больш.

«Адбываецца вялікая страта зарплаты. За прастой працоўным плацяць 2/3 не зарплаты, а 2/3 тарыфнай стаўкі, а тарыфная стаўка ад зарплаты складае 35-40 адсоткаў. Чалавек, сыходзячы на прастой, атрымлівае ў межах 25-30 адсоткаў свайго заробку. Вось і лічыце страты», – кажа Лазоўскі.

Па словах актывіста, складаная сітуацыя сёння захоўваецца на шматлікіх прадпрыемствах Менска.

«Тая ж «трохдзёнка» на Менскам падшыпнікавым заводзе і Менскім заводзе колавых цягачоў. Мотавелазавод не распачынаў працу наогул. На Трактарным заводзе значна зніжаны аб’ём вытворчасці. На Маторным заводзе істотна знізілася зарплата», – кажа Лазоўскі.

 http://www.charter97.org/be/news/2009/2/20/15343/

2 Comments

  1. Ну и что? У меня отец как работал с 1 по 8 так и работает, что изменилось? Не надо лезть в будущее!

  2. Поисковая система выдала адрес вашего сайта , зашла для ознакомления с вашими публикациями.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *