Тэрмін утрымання пад вартай абвінавачанага “па справе анархістаў” Міколы Дзядка працягнуты да 6 сакавіка, а тэрмін следства па яго справе – да 12 красавіка.
Нядаўна Мікалая Дзядка дапыталі ў якасці сведкі і па справе аб нападзе на будынак КДБ ў Бабруйску. Пры гэтым падчас падзей у Бабруйску “сведка” не мог быць на месцы інцыдэнту – ён ужо знаходзіўся пад вартай у Менску. Невядомыя закідалі будынак КДБ у Бабруйску бутэлькамі з запаляльнай сумессю у ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 года. Мікола Дзядок разам з некалькімі моладзевымі актывістамі былі затрыманы ў Менску яшчэ 3 верасня. Не выключана, што гэты “бабруйскі інцыдэнт” будзе далучаны да агульнай крымінальнай справы, дзе ўжо фігуруюць эпізоды, калі будынкі ўстановаў былі закіданы бутэлькамі з запаляльнай сумессю.
Ігарю Аліневічу, Максіму Веткіну і Аляксандру Францкевічу тэрмін утрымання пад вартай таксама быў працягнуты да красавіка. Зараз Мікола Дзядок утрымліваецца пад вартай у жодзінскай турме №8, Ігар Аліневіч – у “амерыканцы”, Максім Веткін і Аляксандр Францкевіч знаходзяцца ў менскім СІЗА. Магчыма, бліжэйшым часам у дачыненні да іх будзе пашырана фармуліроўка абвінавачання. Па словах сяброў арыштаваных, да іх даходзяць не ўсе лісты. Самі арыштанты пішуць, што пасланні да іх ідуць даволі доўга, часам нават з Мінску ліст ідзе аж да двух тыдняў.
Мы прыводзім некалькі вытрымак з лістоў Міколы Дзядка, якія даюць уяўленне аб умовах утрымання анархістаў у турме.
З ліста № 7 ад 14.12.2010:
“Паціху атрымліваю навіны, хоць і ў абмежаванай колькасці. Ведаю, што Ігара ўтрымліваюць ва ўмовах строгай ізаляцыі. Ну і ўвогуле, адчуваю, усё хутка вырашыцца і суд будзе вельмі гучным, асабліва ўлічваючы сказанае АГЛ на “усебеларускім сходзе”. Яго нам, дарэчы, транслявалі тут праз радыёкропку ад пачатку да канца.
Яшчэ мне па падпісцы прыходзіць “Саўбелка”. Змест яе зараз больш чым напалову складаецца з прапаганды. Доўгае чытанне гэтай газеты павяргае мяне ў жах і засмучэнне. Таму чытаю пакрыху
Яшчэ мне ў хату загналі, нарэшце, тэлік… Тэлік, дарэчы, ловіць толькі адну перадачу (то бок канал) – АНТ, паколькі ні антэнку з узмацняльнікам, ні двайнік, ні падаўжальнік не дазволілі. Ну, хоць так
Наконт таго, што ты мне раіш пачытаць, гэта, канечне, крута, але тут бібліятэкар выдае 1 раз на 2 тыдні 5 кніжак на хату: якія патрапяцца, такія патрапяцца. Так што выбіраць не даводзіцца. Ну я напісаў заяву з просьбай выдаць пэўныя кнігі – паглядзім, што будзе”.
З ліста N 8 ад 22.12.2010:
“Вялікі дзякуй за паштовачкі. Яны прыйшліся вельмі дарэчы. Карэспандэнцыі мне і напраўду прыходзіць даволі шмат.
Сукамернікі ў мяне ў цэлым нармальныя. Пераважная большасць – моладзь (да 30 гадоў).
З санчасткі выпісалі ўжо даўно. Хварэць тут – вельмі і вельмі кепска, бо няма магчымасці нават паляжаць, а каб атрымаць хаця б мінімальную мед.дапамогу, трэба яшчэ пастарацца.
Апошні допыт у мяне быў 2 тыдні таму, дапытвалі мяне па справе аб нападзе на Бабруйскае КДБ. Іду як сведка (!), хоць на момант нападу знаходзіўся на Валадарцы. Цуды :)”.
З ліста N 9 ад 13.01.2011:
“Так, тое, што на волі поўная “весялуха”, я ўжо ведаю. Людзі пішуць, газеты прыходзяць. Каментаваць гэта няма чаго – і так усё зразумела. Цікава толькі, што будзе далей.
…Быў у нас тут нядаўна “бібліятэчны абход” – цяпер чытаю Яфрэмава, на чарзе Чэхаў і Тургенеў :)”
Источник.