Аляксандар Францкевіч. Праграміст за кратамі
Аляксандар Францкевіч нарадзіўся 6 траўня 1990 года ў Наваполацку. Скончыў ліцэй, працаваў праграмістам спачатку ў родным горадзе, потым пераехаў у Менск і працаваў праграмістам у сталіцы. У верасьні 2010 года яго арыштавалі па справе анархістаў. 24 траўня 2011 года Заводзскі суд Менску вынес абвінаваўчыя прысуды Аляксандру Францкевічу (3 гады пазбаўленьня волі), Мікалаю Дзядку (4,5 гады) і Ігару Аліневічу (8 гадоў зьняволеньня). Маладыя людзі былі асуджаныя на працяглыя тэрміны паводле абвінавачаньня ў зьдзяйсьненьні шэрагу палітычных акцый, у тым ліку і за напад на амбасаду Расеі ў Менску ў жніўні 2010 года. Францкевіч дадаткова быў асуджаны яшчэ і за «кампутарны сабатаж» і «распрацоўку, выкарыстаньне ці распаўсюд шкодных праграм».
«Асабліва лёгка яму даваліся такія прадметы, як матэматыка і праграмаваньне. Ён шмат чытаў, прычым, я не прымушала чытаць. Урокі таксама рабіў самастойна. Удзельнічаў у алімпіядах, а па матэматыцы і праграмаваньню займаў заўсёды першыя месцы. Спачатку вучыўся ў школе з ухілам паглыбленага вывучэньня ангельскай і нямецкай мовы, а ў 10 — 11 клясах перайшоў у ліцэй, там быў факультэт праграмаваньня».
Школьная сяброўка Аляксандра Францкевіча Наста распавяла:
«Саша ўжо тады вельмі прыемна выдзяляўся на фоне астатніх. Ён вельмі шмат чытаў, сур’ёзна захапляўся гісторыяй, фантастыкай. Заўсёды ў яго быў своеасаблівы пункт гледжаньня. Зь мі было вельмі цікава спрачацца, таму што ягоныя меркаваньні былі аб’ектыўныя. Ад яго можна было даведацца шмат новага і цікавага. І чаго б ні тычылася размова, яму заўсёды трэба было дакапацца менавіта да ісьціны пытаньня і спрачацца па сутнасьці пытаньня».
Пасьля заканчэньня ліцэя Аляксандар хацеў працягнуць вучобу ў адным з унівэрсытэтаў Баўгарыі, але атрымаць бясплатны грант не ўдалося, распавяла маці спадарыня Тацяна:
«Прыйшоў адказ, што яго возьмуць толькі пры ўмове, што напалову мы будзем самі аплачваць. Мы зь ім вырашылі, што не пацягнем, грошай у нас ня хопіць. І Саша пайшоў працаваць. Спачатку працаваў праграмістаў у адной камэрцыйнай фірме ў Наваполацку».
Аднак у Наваполацку заробкі не вялікія, і Аляксандар вырашыў пераехаць у Менск. Самастойна знайшоў добрую працу, зьняў кватэру, матэрыяльна дапамагаў маці, якая гадавала яго адна:
«Калегі на працы яго цэняць, і дагэтуль падтрымліваюць мяне, кажуць, што Саша вельмі разумны, талковы праграміст. І дагэтуль за ім захоўваецца працоўнае месца ў камэрцыйнай фірме. Гэта, канечне, вялікая падтрымка зь іх боку».
Былы палітвязень Павал Вінаградаў адбываў пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі «Ваўчыныя норы» разам з Аляксандрам Францкевічам:
«Ён даволі самастойны хлопец. Сам родам з Наваполацку, пераехаў у Менск, уладкаваўся на працу, здымаў кватэру, дапамагаў яшчэ сваім сябрам-анархістам. Хлопец ён вельмі адукаваны і вельмі начытаны, і хоць чытае ён літаратуру кшталту Маркса і Энгельса, „Капіталу“ і Крапоткіна, падобных аўтараў, якіх я не зусім падтрымліваю. Але ён стварае ўражаньне разумнага і начытанага хлопца. Да таго ж, ён працаваў праграмістам, рабіў гульні для „ай-фонаў“, таму чалавек ён далёка ня дурны».
Захапіўся ідэямі анархістаў Аляксандар ужо ў Менску, кажа маці спадарыня Тацяна:
«Саша пачынаў у „Анты-фа“ — такая арганізацыя ёсьць у Наваполацку, якая змагаецца з нацыстамі. У нас у горадзе таксама вялікая арганізацыя нацыстаў. І ён неяк зь імі сутыкнуўся і паставіў мэту: не павінна быць такой арганізацыі ў Беларусі. Ну а наконт анархістаў — гэта ўжо калі ён пераехаў у Менск. Зьявіліся сябры, якія прытрымліваюцца такіх поглядаў. Але я ня думаю, што гэта дрэнныя хлопцы. Зь кім я не размаўляла — гэта вельмі разумныя, талковыя хлопцы».
Затрымалі Аляксандра Францкевіча ў верасьні 2010 года па справе анархістаў. Спачатку Францкевіча абвінавачвалі толькі ў тым, што здымаў на відэа напад на апорны пункт міліцыі ў Салігорску. А 14 лютага 2011 года яму вынесьлі новае абвінавачаньне: там быў і салігорскі напад, і напад будынак ізалятара на Акрэсьціна, і ўдзел у акцыі пратэсту каля будынку Генэральнага штабу, і напад на амбасаду Расеі.(Саша был обвинен в нападении на милицейский участок в Солигорске, здание Федерации профсоюзов в Минске и взломе сайта новополоцкого горисполкома – прим. РД).
Асудзілі Францкевіча разам зь Мікалаем Дзядком і Ігарам Аліневічам. Да таго, як праграміста, яго абвінавацілі яшчэ і ў «кампутарным сабатажы» і «распрацоўцы, выкарыстаньні ці распаўсюдзе шкодных праграм».
Былы сядзелец «Ваўчыных нораў» Павал Вінаградаў, які пасябраваў з Францкевічам у калёніі, і вельмі шмат размаўляў зь ім за кратамі, кажа, што гвалтоўных дзеяньняў каля Расейскай амбасады і Генштабу Францкевіч не рабіў:
«Канкрэтна Францкевіч здымаў на відэа, як два ягоных сябрука кінулі фаер у салігорскі апорны пункт. А не магу сказаць, што я падтрымліваю такія мэтады барацьбы, але тое, што за здымкі гэтага дзеяньня яму далі 3,5 гады, прысуд яму справядлівым я не лічу. Хаця, зноў жа, паўтаруся, гэтыя мэтады барацьбы я не падтрымліваю».
Сяброўка Аляксандра Наста таксама перакананая, што ён не рабіў усяго таго, у чым хлопца абвінавацілі:
«У яго была і цяпер засталася такая якасьць — ён заўсёды быў вельмі справядлівым. Магчыма, гэта можна назваць юнацкім максымалізмам, але гэтая рыса захавалася ў яго. Яму было вельмі важна абараніць свой пункт погляду, прыслухацца да чужога меркаваньня, выказаць сваё і дайсьці да ісьціны».
Анархісты і ў Менску, і ў іншых гарадах Беларусі правялі шмат акцый па раздачы ежы бяздомным, якія называліся «Ежа замест бомбаў», а таксама зьбіралі адзеньне для маламаёмых. Дарэчы, у Менску, у Міхайлаўскім сквэры міліцыянты гэтыя акцыі ўзімку 2010 года жорстка разганялі. Францкевіч ладзіў такія акцыі ў Наваполацку, распавяла ягоная маці спадарыня Тацяна:
У яго была і цяпер засталася такая якасьць — ён заўсёды быў вельмі справядлівым. Магчыма, гэта можна назваць юнацкім максымалізмам
«Саша са сваімі сябрамі наладжвалі ў горадзе бясплатную раздачу ежы для бяздомных і пэнсіянэраў. Самі варылі кашу, ішлі на плошчу і раздавалі людзям. Яны арганізоўвалі кірмаш па абмену і раздачы вопраткі бедным бясплатна. Езьдзілі ў дзіцячы дом, вазілі дзецям цукеркі, цацкі, алоўкі».
Двойчы ў Івацэвіцкай калёніі Аляксандра Францкевіча прымушалі пісаць прашэньні аб памілаваньне, але ён адмовіўся. Трымаецца за кратамі годна, цьвёрда, кажа сяброўка Наста:
«Я вельмі захапляюся ягоным характарам. Лісты ад яго заўсёды бадзёрыя, ён не губляе інтарэсу да падзеяў, якія адбываюцца тут, на волі. Ён піша, што і з таго жыцьця, якое адбываецца за кратамі, ён таксама даведаўся шмат новага. І гэты досьвед вельмі каштоўны і важны для яго таксама».
Мікалай Дзядок: “Усіх не перасаджаеце!”
Мікалай Дзядок нарадзіўся 23 жніўня 1988 году ў Брагіне. Скончыў юрыдычны каледж БДУ. Паступіў у Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт на аддзяленьне паліталёгіі, вучыўся завочна. Працаваў у калектарскай фірме. Сябар арганізацыі беларускіх анархістаў. Быў затрыманы 3 верасьня 2010 году ў якасьці падазронага па справе «Аб нападзе на амбасаду Расейскай Фэдэрацыі», але справа рассыпалася, і Мікалая абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі ля будынка Генэральнага штабу. Яму было выстаўлена абвінавачаньне па артыкуле 339, частцы 2 Крымінальнага кодэксу — хуліганства. 27 мая 2011 году Заводзкі суд Менску асудзіў Дзядка на 4 з паловай гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Праходзіў па справе разам зь Ігарам Аліневічам (які асуджаны на 8 гадоў) і Аляксандрам Францкевічам. (3 гады зьняволеньня). Адбывае пакараньне ў Магілёўскай калёніі № 15. За кратамі ажаніўся. У кастрычніку 2011 году Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт прызналі Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча палітычнымі зьняволенымі. Над Дзядком узяла шэфства дэпутатка Эўрапарлямэнту, прадстаўніца Фінляндыі Сары Эсая.
Мікалай Дзядок зь дзяцінства марыў стаць юрыстам, як бацька. Пасьля заканчэньня юрыдычнага каледжу з «чырвоным дыплёмам» быў залічаны на 3 курс юрыдычнага факультэту БДУ. Але вучыцца там яму не спадабалася, кажа бацька Мікалая спадар Аляксандар:
Ён проста не прыняў тую форму адукацыі, якая там была, з прычыны таго, што яна цалкам уціскае асобу. Нельга казаць, што ён такі ўжо праўдалюбец і праўдашукальнік — не. Але заўсёды вельмі востра ўспрымаў несправядлівасьць. Сышоўшы з БДУ, ён паступіў у ЭГУ на аддзяленьне паліталёгіі, кваліфікацыя называецца „палітоляг-юрыст“. Вучыўся ён вельмі добра, менш за 9 і 8 балаў у яго не было адзнакаў».
Прычым Мікалай паступіў на завочнае аддзяленьне. Не хацеў сядзець на шыі ў бацькоў, прывык зарабляць сам, кажа бацька Мікалая спадар Аляксандар:
«Калі яшчэ вучыўся ў школе, спрабаваў дзесьці знайсьці хоць нейкую падпрацоўку. Пасьля заканчэньня каледжу ён паўгода працаваў судовым выканаўцам у адным з судоў Менску. Але сышоў — кажа, дзяржаўная служба не для яго. Потым працаваў у прыватнай фірме, і ў яго да арышту была вельмі цікавая праца. Ён працаваў у калектарскай кампаніі, дзе выконваў абавязкі журналіста, юрыста і кампутарніка адначасова».
Жонка Дзядка Валерыя Хоціна распавяла, што пазнаёмілася з будучым мужам ва Ўкраіне ў моладзевым лягеры. Мікола спачатку ёй вельмі не спадабаўся:
«Мы зь ім адразу ж уступілі ў нейкую спрэчку, па якой у нас былі зусім розныя, дыямэтральна процілеглыя пункты гледжаньня. Ён мне потым распавядаў, што я яму таксама вельмі не спадабалася, што я вельмі рэзкая, наўпрост кажу, што думаю. І дзесьці два з паловай гады мы проста камунікавалі не як сябры, таварышы, а як прыяцелі, якія бачаць адзін аднаго выпадкова раз на месяц, зрэдку перапісваюцца ў інтэрнэце. Але потым гэта зьмянілася. Калі і як — гэта трэба аналізаваць доўга…»
У рэшце рэшт Валерыя і Мікалай нанялі кватэру і пачалі жыць разам.
«Для мяне і на той час для яго не абавязкова было жаніцца, каб кахаць адзін аднаго ці жыць разам. І я дагэтуль лічу, што гэта працэдура, якую прыдумала дзяржава, каб ёй было прасьцей вырашаць нейкія пытаньні. І так яно і сталася, што мы проста былі вымушаныя пабрацца шлюбам, бо інакш я не магла яго пабачыць і ён ня мог мяне пабачыць».
Афіцыйна Валерыя і Мікалай пабраліся шлюбам у кастрычніку 2011 году ў магілёўскай калёніі. Валерыя, якая ставіцца да сямейных адносінаў вельмі сур’ёзна, кажа, што разам жыць ім і было, і будзе, калі Мікалай выйдзе, няпроста, бо яны абое з характарамі, даволі ўпартыя людзі:
«Ён больш такі акуратны, па бытавых праблемах любіць завіхацца. Я, наадварот, не люблю. Былі ў нас і такія сутычкі. Мне было цяжка ў тым пляне, што ён быў заўсёды крыху закрыты, не любіў выносіць свае праблемы, нават мне, блізкаму чалавеку, не хацеў адкрывацца. За год, які мы пражылі разам, я пабачыла вялікія зьмены. Мы толькі пачалі адзін да аднаго прыстасоўвацца! І вось зараз гэтае расстаньне… Яно, мне здаецца, дадасьць у будучым нейкія праблемы. Бо ў людзей, якія былі ў вязьніцы, калі яны выходзяць, зусім іншае стаўленьне да іншых людзей».
Пакуль турма Мікалая не зламала. Наадварот, загартавала. Бацька распавёў, што сын з 6 гадоў займаўся ўсходнімі адзінаборствамі, ён вельмі моцны фізычна. І ў пэўным пляне гэты спорт і духоўна сфармаваў яго.
«Мяне выклікалі двойчы ў нашы спэцслужбы і прапаноўвалі пераканаць яго распавесьці пра нешта, што быццам бы ён ведае, пра нейкую справу нейкіх анархістаў. Сын праявіў вельмі моцны характар, не агаварыў ні сябе, ні каго іншага, хоць яго вельмі ўпарта апрацоўвалі. Зь ім праводзілі „гутаркі“ па 8–12гадзін штодня, псыхалягічна ўціскаючы, але ён ня здаўся».
Мікалая выхоўвала другая жонка бацькі, спадарыня Надзея, якая мае яго за роднага і вельмі ім ганарыцца:
«Ён вельмі добры і мяккі чалавек, менавіта з пункту гледжаньня якасьцяў характару. Чалавек, ад якога мы ніколі ня чулі ніякага нават намёку на хлусьню. Таму і не атрымалася нічога ў спэцслужбаў. Ён нават дапусьціць ня можа, што можна кагосьці абылгаць».
Што да перакананьняў Мікалая і таго, што яго называюць у прэсе анархістам, ягоная жонка Валерыя Хоціна кажа:
«Так, ён анархіст. І насамрэч вельмі вялікі спэктар ідэяў і дзеяньняў у анархістаў. Хтосьці выбірае адукацыйныя праграмы, хтосьці выбірае „Ежу замест бомбаў“, хтосьці — проста паходы на канцэрты, так званыя „лайф-стайл анархісты“. Ёсьць, канечне, і людзі, якія кіруюцца мэтадамі, скажам так, прамога дзеяньня. Я кажу: так, ён анархіст, ён прытрымліваецца нейкіх ідэяў. Але я лічу, што толькі ён сам можа расказаць, якіх ідэяў ён прытрымліваецца».
Зь Мікалаем Дзядком у турме супрацоўнікі спэцслужбаў няспынна вядуць выхаваўчую працу. Спачатку двойчы прымушалі напісаць прашэньне аб памілаваньні. 19 студзеня да яго ў калёнію адмыслова прыяжджалі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС і прымушалі адмовіцца ад сваіх перакананьняў. Бацька Дзядка спадар Аляксандар перакананы:
«У дачыненьні да палітзьняволеных вядзецца мэтанакіраваная, узгодненая праца па ўтрыманьні іх у калёніях да той пары, пакуль яны там будуць патрэбныя як нейкі сродак, як закладнікі, у рэшце рэшт для таго, каб дасягаць нейкіх палітычных мэтаў. І справа так званых анархістаў, па якой праходзілі мой сын, а таксама Аліневіч і Францкевіч, таксама справа палітычная, створаная спэцслужбамі, каб вырашаць нейкія палітычныя задачы».
Маладафронтавец Алесь Кіркевіч сядзеў разам з Мікалаем у СІЗА на Валадарцы.
«Мы шмат спрачаліся: усё ж такі былі прамымі апанентамі згодна любому падручніку паліталогіі. Аднак, як слушна пісаў Даўлатаў, у зьняволенні усе «палітычныя» трымаюцца разам, і толькі на волі ці ў эміграцыі зноўку разьбягаюцца па сваіх кутах… Уразіла глыбокая інтэлігентнасьць, востры розум, незвычайная жыцьцёвая энэргія і аптымізм. Мікола зьдзіўляў таксама сваёй прагай да ведаў, жаданьнем выцягнуць максымум карысьці з сытуацыі, калі ўжо давялося праходзіць такі «жыцьцёвы інстытут»: мы разам дапытвалі Фістона з Конга аб ягонай краіне, ён спрабаваў вучыць фарсі пасьля знаёмства з гаваркім іранцам. Зламаць яго так і не змаглі. Пасьля абвяшчэньня прысуду ён крычаў: «Усім вы раты не пазатыкаеце! Усіх не перасаджаеце!»
Жонка Мікалая спадарыня Валерыя пасьля доўгатэрміновага спатканьня прыйшла да высновы, што Мікалай прыняў свой лёс:
«Ён ніколькі не шкадаваў, што так адбылося. У лістах ён мне пісаў: „Я буду тут да той часіны, пакуль не зразумею ўсё, што мне наканавана“. Мне спадабалася, што ён да гэтай адседкі ставіцца як да нейкай школы жыцьця. Я пэсыміст. Ён заўсёды быў аптымістам, нават у самых чорных для сябе сытуацыях ён заўсёды бачыць плюс. Тое, што ён не зламаўся, гэта дакладна».
А самае цяжкае ў зьняволеньні для Мікалая — недахоп інфармацыі, кажа жонка Валерыя.
«Ён такі быў інтэрнэтаман, без інтэрнэту ён не пачынаў свой дзень. І зараз для яго гэта вельмі цяжка — атрымліваць маленькімі кавалачкамі інфармацыю. Але вельмі добра, што да яго даходзіць апазыцыйная прэса».
На Мікалая Дзядка вельмі моцнае ўражаньне зрабіла акцыя салідарнасьці, зладжаная Васьковічам, Сырамалотавым і Пракапенкам, якіх потым пасадзілі за спробу падпалу будынка бабруйскага КДБ. Бальшыня анархістаў спачатку ладзіла акцыі негвалтоўнага супраціву, але ніводная зь іх не дасягнула сваіх мэтаў, таму яны пачалі дзейнічаць інакш, кажа Валерыя:
«Палова анархісцкага руху была да такой ступені запалоханая допытамі, людзям пагражалі рэальныя тэрміны, і тут нейкія тры чалавекі, якіх ніхто ня ведаў нават з анархісцкага руху, робяць акцыю салідарнасьці з нашымі хлопцамі! Людзі проста рэальна паказалі, што гатовыя ісьці на такія крокі, таму што інакш свой пратэст яны выказаць не маглі. Атакі на рэпрэсіўныя структуры заўсёды мелі і будуць мець месца».
Што тычыцца дзеяньняў анархістаў, яны заўсёды думаюць пра наступствы, Пасьля іхніх акцыяў пратэсту ніхто зь людзей не пацярпеў, кажа Валерыя Хоціна.
У лютым яна зьбіраецца на кароткатэрміновае спатканьне зь Мікалаем Дзядком.
Качественно, интересно, доступно. Что еще нужно обычному пользователю!Автору+1 http://koskin-dom.blogspot.com/!!!!!!