1 чэрвеня рабочыя завода буйнапанэльнага домабудаўніцтва РУП “ДСК” адмаўляліся пачынаць працу з-за таго, што ім не выплацілі заробак за красавік.
Згодна зменам, унесеным у калектыўную дамову ў мінулым годзе, на прадпрыемстве мусяць выплаціць заробак у апошні дзень месяца, а не 25-га чысла, як было раней. Па словах рабочых, гэтыя змены былі зробленыя без іх згоды. Аднак і 31 траўня заробкі на заводзе не выплацілі.
Незадаволенасць эканамічнымі варункамі наспявала ў працоўным калектыве прадпрыемства даўно. Здараліся прастоі, рабочыя працавалі па 10-15 дзён і, як вынік, атрымлівалі мізэрныя заробкі. Пры гэтым на заводзе нярэдка працуюць цэлыя сем’і, якім трэба плаціць крэдыты і аплочваць камунальныя паслугі з гэтай адзінай крыніцы прыбытку. Пару дзён таму БПД наведаў генеральны дырэктар РУП “ДСК”, які абяцаннямі паспрабаваў зняць напружанасць.
Каля 7 гадзін раніцы 1 чэрвеня блізу 100 рабочых сабраліся каля ўвахода ў арматурны цэх і заявілі, што не прыступяць да працы, пакуль не атрымаюць заработную плату. Спачатку з імі сустрэўся намеснік генеральнага дырэктара па прамысловай вытворчасці Мікалай Мачыха, а пазней пад’ехаў намеснік генеральнага дырэктара па эканамічнай дзейнасці Аляксей Гапоненка.
Залагодзіць канфлікт удалося толькі цвёрдым абяцаннем выплаціць заробкі ў гэты ж дзень. Па словах кіраўніцтва, праца прадпрыемства аднавілася прыкладна ў 9:30. У той жа час рабочыя кажуць, што яны прыступілі да працы толькі пасля абеду.
Як стала вядома “Народным навінам Віцебска”, сёння грошы пералічылі на карткі працаўнікоў каля 11:40. Чаму заработная плата на заводзе буйнапанэльнага домабудаўніцтва не была выплачаная ў належныя тэрміны, высветліць не ўдалося, бо намеснік генеральнага дырэктара па эканамічнай дзейнасці Аляксей Гапоненка на тэлефанаванні нашага карэспандэнта не адказвае. Не пусцілі журналіста і ў цэх, каб паразмаўляць з рабочымі.