Стас Пачобут з гурта Deviation : наконт мянтоў у мяне няма ілюзій. Гэта асобы на службе сыстэмы

Лідэра славутай беларускай панк-каманды Deviation Стаса Пачобута ў Беларусі апошнім часам не засьпець.

З Горадні ён зьехаў некалькі год таму і цяпер жыве за межамі краіны, але падкрэсьлівае, што нікуды не зьбягаў і эмігрантам сябе ня лічыць. Яго гурт таксама актыўнасьцю апошнім часам не вызначаўся, хоць і нагадаў пра сябе шчырым і нахабным альбомам пад назвай «Чарговый дзень пад акупацыяй», запісаным у 2009 годзе. Такой працы якраз не ставала на беларускай незалежнай сцэне, каб проста вось так у лоб сьпявалася пра неабходнасьць бунту і супраціву. Чым зараз жыве Стас і чаму ён вырашыў зьехаць з краіны – з гэтага пытаньня апазiцыйны сайт і пачынае размову.

– Тры месяцы таму ў мяне нарадзіліся сыны, Тадэвуш і Севярын. Таму зараз я ў Пецярбурзе, гадую дзяцей. Да Пецярбурга, каля году жыў у Польшчы, на легендарным познаньскім сквоце «Розбрат». Зьехаў я з Гародні найперш праз праблемы з працай. Крызіс не даваў заробку з кавальства, а іншыя варыянты забіралі столькі часу і здароўя, што ў мяне ня заставалася часу на жыцьцё. А па-другое, пасьля запісу новага альбому мы з Deviation вырашылі адпачыць. Эмігрантам ці чалавекам на выгнаньні я сябе не адчуваю.

– Шмат разоў даводзілася чуць – “Пачобуты? Яны ж палякі”. Ці ёсьць у пытаньні самавызначэньня ў тваёй сям’і нейкія разыходжаньні?

– У дзяцінстве бацька мне паказваў наша генеалягічнае дрэва і распавядаў пра розных продкаў, пачынаючы з ХVІ стагодзя, таму якія разыходжаньні? Мы палякі, якія нарадзіліся ў Беларусі. І калі я атрымоўваў пашпарт, тады яшчэ “ссср-аўскі” ў мяне не стаяла пытання, хто я па нацыянальнасьці, я гэта ўжо даўно ведаў. І дзякуючы маці, бацьку, разуменьне, што я паляк, давала ўвесь спектр пачуцьцяў, ад радасці да смутку, ад гонару да сораму за нас, палякаў. Я памятаю, колькі думак варушылася ў маёй дзіцячай галаве пасьля слоў бацькі: «Памятай, што у Празе ў 1968-м польскія вайскоўцы паводзілі сябе па-сьвінску». Калі я ўжо дарослым быў у Празе, у размове з чэхам я прыгадаў словы таты, а хлопец распавёў, што яго бацька ў дзяцінстве казаў яму, што гэта былі не палякі, а пераапранутыя саветы. Зразумела, што гэта ня так, але ў гэтым прасочваецца нейкая сьмешная сувязь антысавецкага выхаваньня ў розных краінах соцлягера (сьмяецца).

– Ты сам адчуваеш хоць нейкі плён ад сваёй дзейнасьці, аналізуючы зробленае за 20 год творчасьці?

– Мне падабаецца новае пакаленьне незалежных гуртоў, якое зьявілася ў Беларусі. Мяне радуе антыкамэрцыйнасьць, пасьлядоўнасьць і ідэйнасьць, якія моцна закарэніліся ў незалежнай сцэне за апошнія 20 гадоў. Самаарганізацыя, антыфашызм. Музыка перастала быць толькі музыкай, гэта стыль жыцьця, тып уздзеяньня на рэчаіснасьць і форма супраціву. Гэта “Food not bombs”. Гэта экалягічны супраціў. Гэта наша супраць-культура, а не нашыя плёны, усё фармавалася самастойна і наш уплыў на гэта – гэта ўплыў удзельніка агульнага працэсу.

– Пра што цябе думалася і марылася ў тыя часы, калі паўстаў Deviation. І ці яно супала з тым, што атрымалася па выніку?

– Акрамя надзеі на тое, што ў гэтай краіне можна нешта зьмяніць на карысьць людзям, у 1993-м мне марылася пра запіс альбому, турнэ і новую гітару . Яшчэ я марыў зайграць канцэрт з New Model Army, Under The Gun і Bad Relegion, але з гэтым неяк не атрымалася. (cьмяецца).

– Ці вёў ты ўлік сваіх легальных канцэртаў, колькі іх было – каб з квіткамі ды з афішамі?

– Не, ніякага падліку я ня вёў, мне і да гэтага часу па барабану, будзе гэта канцэрт у гаражы на 20 чалавек ці ў клюбе з афішамі і квіткамі. Галоўнае не гэта. Пры канцы 90-х мы гралі канцэрт у Беластоку. З афішамі, гэта быў вельмі дзіўны канцэрт (усьміхаецца). Уяві сабе летні бар ў цэнтры горада з жывой музыкай. Публіка ў асноўным прыйшла папіць піва. Паслухаць нас завіталі хіба тры дзяўчыны, якія чулі нас на “Басовішча”. Мы з радасьцю сьпявалі для іх трох. Канцэрт, які я часта ўзгадваю ў памяці, гэта канцэрт у Горадні, у доме інтэрнаце для дзяцей з праблемамі зроку. Гэта было проста супэр! Дзеці, якія танчаць пад «Грамадзянскую вайну», гэта ня з чым ня параўнальнае відовішча, а там не было аніякіх квіткоў ды афішаў.

– Тым ня менш, ці бачыш ты выйсьце з той сытуацыі, у якой апынулася частка беларускіх музыкаў, якія гэтаксама цяпер ня могуць легальна граць?

– Разумееш, для мяне музыка ці творчасьць ніколі ня былі працай. Таму што такое “легальна граць”? Зарабляць грошы і зьбіраць стадыёны? Мець магчымасьць раскруціць свой брэнд? Ці дайсьці да слухача? Дык гэтую праблему інтэрнэт даўно вырашыў. Мы жывем у цікавы час, калі за свае погляды можна атрымаць п..ды. Рабочых і настаўнікаў звальняюць з працы за погляды, чаму музыкі ці творчыя асобы павінны быць выключэньнем? Гэта час адказваць за сваю культуру. Творчасьць – гэта зброя. Ідыятызм думаць, што сыстэма, якая баіцца пляскаючых у далоні людзей, пакіне гэтую пагрозу без увагі. Адно пэўна, па-першае, гэта ня можа трываць вечна, а па-другое, гэта не спыняе творчасьць. Таму сыстэма ў любым выпадку прайграе. Як сьпяваў БГ: «Мы уже победили, просто это ещё не так заметно».

– А як ты ставішся да іншасказальнасьці – калі казаць тыя самыя рэчы, але па-іншаму. У жартаўлівай форме, на іншай мове, іншымі музычнымі сродкамі, ананімна ці яшчэ як-небудзь? Патлумач, чаму ты лічыш больш дзейсным казаць проста ў лоб, ці ёсьць ад таго якая карысьць?

– Усе пералічаныя табой формы творчага пасылу, маюць права на існаваньне. Калі некаму здаецца, што па-ангельску яго зразумеюць тыя, да каго ён зьвяртаецца, то наперад і ня варта зьвяртаць увагу на тое, што гавораць «спэцыялісты». Ці, напрыклад, гумар – гэта вялікая сіла. Я памятаю як мяне прашыбла, калі на канцэрце Ausvais я пачуў у іх выкананьні песьню пра шпіёнаў кардынала, з “Трох мушкецёраў”. Песьня проста ўзарвала зал. Усе ведалі тэкст і раптам зразумелі, што гэта песьня пра нашу рэчаіснасьць. Проста наш падыход да тэкстаў больш прамалінейны. Ці можа быць карысьць ад ідэйнасьці? Хіба што толькі тое, што гэта не дае ўсё папсаваць, па кроку ідучы на нейкія непрыемныя кампрамісы. У 1990-х, калі сыстэма яшчэ не дакруціла гайкі, і ў дамах культуры па ўсёй краіне людзі спрабавалм ладзіць канцэрты, нас часта запрашалі з папраўкай на тое, што мы ня будзем прамаўляць паміж песьнямі… І гэта добра, калі абмежаваньне па выступу высьвятлялася падчас першай тэлефоннай размовы. А калі перад ці пасьля канцэрту? (усьміхаецца). Так і сканчаліся канцэрты на трэцяй песеньцы. Разумееш, для мяне ўсё гэта вуяліраваньне, гэта спроба прыстасавацца, а прыстасаваньне да сытуацыі ніяк не пасуе да панку.

– Цікава пачуць ад цябе, як аўтара песьні “Міліцэйскі тэрор”, чаму людзі ідуць служыць у праваахоўныя органы і ці бываюць сапраўды сумленныя міліцыянты? Ці сустракаў ты такіх?

– Па-першае Deviation гэта калектыўная творчасьць, таму няма пэрсоны аутара, усе песьні – калектыўныя творы і мне не хацелася б узурпіраваць аўтарства. А наконт мянтоў у мяне няма ілюзій. Гэта асобы на службе сыстэмы, якія адпрацоўваюць свой дабрабыт, аплочаны з падаткаў звычайнага чалавека, сабачай вернасьцю да гаспадара. Для іх існуе толькі загад, няма аніякіх законаў ці нормаў маралі. Я памятаю, як у 1996-м АМАП разганяў «Чарнобыльскі шлях». Дык вось, тады я бачыў амапаўцаў, якія непадпарадкаваліся загаду. Зараз ты такога не ўбачыш. Мазгі замянілі на вернасьць бацьку. На плошчы ў 2006 годзе мяне проста ванітаваць цягнула, калі людзі скандавалі «Міліцыя з народам!». Зь якім народам? З гэтым з БТ і “Саўбеліі”? Няма ілюзій. Ідуць па заробак, кватэру, машыну. Такія людзі будуць служыць любой уладзе.

– Ці ты сам не расчавараўся ў кар’еры панк-музыканта?

– Ніколі ў жыцьці не ўспрымаў панк, як нейкую кар’еру, таму і расчаравацца ня мог (сьмяецца). Як я ўжо казаў, Deviation на дадзены момант у адпачынку. Выйдзем мы з гэтага анабіёзнага стану ці не, залежыць ад масы фактараў. Але песьні цягам часу працягваюць нараджацца. Пакуль што я граю іх пад акустыку. І магчыма запішу акустычны альбом.

Крынiца.

Скампанаваць альбом: чарговый дзень пад акупацыяй

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *