«Я афіцыйна папярэджана, што на наступны навучальны год са мной не будзе заключаны кантракт. Не магу сказаць, што ўжо вельмі засмучаная. Сістэма адукацыі ў краіне такая, што працаваць на ідэалогію, а не веды і прафесійны і навуковы рост студэнтаў, становіцца ўсё цяжэй і цяжэй»,
— напісала Валянціна Аліневіч на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook.
«Зарплата ў дацэнта, кандыдата эканамічных навук з максімальным стажам складае ўсяго 3,5 — 4 млн.бел.руб. Гэта на ўзроўні прыбіральшчыцы ў метро ці Кароне», — адзначае Аліневіч.
«Але праца мяне ратавала, дапамагала мне выстаяць. Агіднасць сітуацыі ў тым, што апошнія паўтара месяца супраць мяне пачалося сапраўднае цкаванне.
Прычым маё вышэйшае кіраўніцтва, цалкам адкрыта заяўляла, што паступіў загад вышэй, што аналізуецца і ўважліва чытаецца ўсё, што публікуецца на сайтах і ў друку (бачыце, якім вы карыстаецеся поспехам) і тое, што ў іх саміх да мяне прэтэнзій да маёй працы няма»
«Пачалося з ультыматуму: або мая пазіцыя ў дачыненні да майго сына ці праца. Выбар быў такі недарэчны, што я засмяялася ў твар. Затым былі спробы ўжо з боку рэктара БДЭУ Шымава В.М. мірна разруліць сітуацыю.
Урэшце пачаліся ўжо сур’ёзныя вайсковыя дзеянні з боку дэкана факультэта менеджменту Сімховіч, кіраўніка цэнтра кадравай і прававой палітыкі Лагута».
«Працаваць не давалі, прыходзілі проста ў студэнцкія аўдыторыі, не саромеючыся нікога.
Сітуацыя да смешнага нагадвала сітуацыю з маім сынам — і дакаралі, і хвалілі, і ўвесь час патрабавалі нешта падпісаць: нейкія тлумачальныя, акты, потым спрабавалі абвясьціць мяне злосным парушальнікам і ў рэшце рэшт абвясьцілі пра звальненьне».
«Я б ужо даўно звольнілася сама, але мне хацелася, каб людзі, якія вырашаюць, як ім здаецца, мой лёс самі ўзялі на сябе маральную адказнасць за тое, што адбываецца.
У іх таксама ёсць маці, жонкі, дзеці, унукі. Што яны будуць думаць пра тых людзей, якія паднялі руку на самае святое, на Маці! Некаторыя казалі, што гэта — чыста тэхнічнае рашэнне, іншыя — што ім загадалі і яны не маглі не выканаць загад. Гэта ўжо было ў гісторыі. Ці не праўда? Ну што ж жыццё расставіць усё на свае месцы. Цяпер ім жыць са сваім маральным выбарам. А людзі ў чорных масках, якія дыктавалі свае ўмовы убеленым сівіной прафесарам і дацэнтам, зноў засталіся за кадрам».