Па той бок барыкад: «Усмірыцель Мінска» Яўсееў стаў генерал-маёрам міліцыі

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб наданні палкоўніку міліцыі Ігару Яўсееву чарговага звання — генерал-маёра. «Наша Ніва» прапануе ўзгадаць некаторыя моманты з біяграфіі 45-гадовага генерала.


“Маўклівая акцыя” 20 ліпеня. Яўсееў у цэнтры. Фота Сяргея Гудзіліна.


3 ліпеня, прывакзальная плошча, разгон “Маўклівых пратэстаў”


Міліцыянт Яўсееў б’е фотажурналіста

Не першы генерал з Росі

Нарадзіўся ў мястэчку Рось Ваўкавыскага раёна. Гэта не першы генерал з гэтых мясцін. У Росі таксама нарадзіўся брыгадны генерал Войска Польскага Рамуальд Валынцэвіч. У мястэчку ёсць вытворчасць будаўнічых матэрыялаў. Бацька Яўсеева, дарэчы, і быў будаўніком, а маці — настаўніцай. Хаця сам міліцыянт прызнаваўся, што гадавалі яго бабуля з дзядулем. «Быў распешчаным і слабападрыхтаваным да жыцця», — так ацэньваў Яўсееў перыяд дзяцінства.

Пасля васьмі класаў пайшоў вучыцца ў Пружанскі сельгастэхнікум. Казаў, што ў той час быў вельмі грамадска актыўным. У прыватнасці, займаўся музеям Вялікай айчыннай вайны. Пісаў лісты і асабіста сустракаўся з многімі ўдзельнікамі той вайны.

Спецназ ГРУ і ахова Лукашэнкі

У войска Яўсееў трапіў у трэцюю брыгаду спецназа ГРУ ВПС (Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Вайскова-паветраных сілаў), якая дыслакавалася ў той час у ГДР. Элітныя войскі. Развал СССР сустрэў участковым у Пружанскім РУУСе. Працаваў у ахове Лукашэнкі яшчэ ў першыя гады прэзідэнцтва. Займаў пасаду намесніка начальніка УУС Мінскага райвыканкама. Пасля стаў начальнікам Упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС на транспарце.

Усмірыцель Плошчаў

Але Яўсеева на слыху стала, як ён заняў пасаду начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Мінгарвыканкама. У непасрэдныя абавязкі Яўсеева ўваходзіла сачэнне за масавымі акцыямі і іх уціхаміраванне (найчасцей шляхам разгону). Не цураўся і сам прымаць удзел у збіцці. Напрыклад, усім добра памятаецца, як ад Яўсеева у першыя дні пасля Плошчы пацярпеў фатограф Уладзь Грыдзін. Яўсееў быў адным з галоўных дзеючых персанажаў падчас самой Плошчы. Ён хадзіў на перамовы з кандыдатамі ў прэзідэнты. Чым скончылася Плошча, няма нагоды лішні раз нагадваць. Пасля яе Яўсееў трапіў у спісы неўязных на тэрыторыю Еўрасаюза пад нумарам 84. А вось Лукашэнка за Плошчу даслаў Яўсееву падзячны ліст.

«Хлопаць можна толькі ветэранам»

Пасля Яўсееў быў відным дзеячам падчас «Стоп — бензіну» і маўклівых акцый пратэсту. Каардынаваў і камандаваў разгонамі менавіта ён. Выкарыстоўваючы і нецэнзурную лексіку (глядзіце відэа; на Акрэсціна яго ніхто за гэта не пасадзіў). Перад маўклівай акцыяй на Дзень Рэспублікі Яўсееў адзначыў, што апладзіраваць можна толькі ветэранам. Разгон каля Чыгуначнага вакзала на 3 ліпеня быў адным з найбольш брутальных пасля Плошчы.

«Міліцыянер — гэта лад жыцця»

Апошнім часам Яўсееў не турбуе жыхароў сталіцы. Яго прызначылі кіраўніком Віцебскай абласной міліцыі. Яшчэ яго выбралі старшынёй Віцебскай абласной федэрацыі хакея. Дарэчы, замяніў таксама міліцыянта — Найдзенку. На людзях Яўсееў з’яўляўся ў форме, поўнай медалёў. Кажа, што вельмі падабаюцца віцебскія вуліцы, бо на іх няма мітусні.

У прыватным жыцці Яўсееў жанаты, мае траіх дзяцей. Кажуць, што фотаздымак сям’і стаіць у яго на працоўным месцы. Лічыць, што «міліцыянер — гэта лад жыцця».

Зміцер Панкавец

Крынiца.

Глядзiце таксама iнфармацыю з дасье на Яўсеева: /2011/09/legavy-e-i-chekisty-2/

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *