«Ці рэальна чакаць чалавека з турмы такім, якім ён быў да яе — „ранейшым“, бязь зьменаў? Якімі людзі вяртаюцца адтуль? Калі турма мяняе чалавека, то наколькі моцна?» Такія пытаньні задае наша чытачка ды слухачка Ірма. Падставай для іх стала песьня «Ты чакай мяне былога» з новага альбому беларускага шансону «Варанок». Некаторыя аўтары допісаў, як выглядае — з былых сядзельцаў, катэгарычныя: вярнуцца адтуль ранейшым немагчыма. Дарэчы, многія з чытачоў ды слухачоў раяць працягваць гутаркі пра турэмныя песьні, што мы і будзем рабіць.
Сёньня ж — пра тое, якім чынам турма мяняе чалавека. У перадачы бяруць удзел сваякі асуджаных, былыя вязьні, палітзьняволеныя і праваабаронцы.
Але спачатку зьвернемся да ўрыўку з кнігі, якую больш за 100 гадоў таму напісаў расейскі навуковец-географ, гісторык, тэарэтык анархізму, князь Пётар Крапоткін, імем якога ў беларускіх гарадах названыя вуліцы, а на адным зь менскіх хлебазаводаў нават гатунак хлеба. Грунтоўна дасьледаваўшы сытуацыю ў вязьніцах Расейскай імпэрыі ды эўрапейскіх краінах, Крапоткін у 1906 годзе напісаў ды выдаў кнігу «У расейскіх і францускіх турмах».
Крапоткін: «У турме вязень прывучаецца ненавідзець…»
Адна з галоўных высноваў кнігі Крапоткіна: чалавек, які пабываў у турме, мае тры шанцы супраць аднаго, што неўзабаве пасьля вызваленьня ён зноў там апынецца. Аўтар піша:
«У кожнай турме вы знойдзеце людзей, якія трапілі туды выпадкова. У іхнім жыцьці быў фатальны зьбег абставінаў, які выклікаў бурную праяву жарсьці або слабасьці, і ў выніку яны трапілі за турэмныя сьцены. Думаю, калі б такіх людзей зусім не замыкалі ў турмы, грамадзтва б ад гэтага ані не пацярпела. А між тым іх мучаюць у вязьніцах, і ніхто ня можа адказаць на пытаньне — «Навошта?» І тут узьнікае пытаньне: наколькі турмы адпавядаюць сваёй мэце адносна гэтага разраду зьняволеных? Наколькі яны паляпшаюць іх?
Ва ўсёй Эўропе было заўважана, што калі чалавек трапіў у турму за нейкае параўнальна дробнае злачынства, ён звычайна вяртаецца ў яе, асуджаны за што-небудзь нашмат больш сур’ёзнае. Калі гэта крадзеж, то больш вытанчаны ў параўнаньні з папярэднім; калі ён быў асуджаны раней за гвалтоўныя дзеяньні, багата шанцаў на тое, што наступным разам ён ужо трапіць у турму ў якасьці забойцы… Ён прывучаецца ненавідзець — з усяго сэрца ненавідзець — усіх гэтых «сумленных» людзей, якія з такой злоснай энэргіяй забіваюць у ім усе лепшыя пачуцьці. Арыштант пачынае дзяліць сьвет на дзьве часткі: да адной зь іх належыць ён сам і яго таварышы, да другой — начальнік турмы, наглядчыкі… Пачуцьцё таварыства хутка расьце сярод усіх насельнікаў турмы, прычым усе, хто ня носіць арыштанцкай адзежы, разглядаюцца як ворагі арыштантаў. Усялякі падман у адносінах да гэтых ворагаў — дазволены. Гэтыя «ворагі» глядзяць на арыштанта як на ізгоя і самі, у сваю чаргу, робяцца ізгоямі ў вачах арыштантаў. І як толькі арыштант вызваляецца з турмы, ён пачынае стасаваць турэмную мараль да грамадзтва.
Турма разьвівае ў сваіх насельніках ня толькі нянавісьць да грамадзтва; яна ня толькі сыстэматычна забівае ў іх усякае пачуцьцё самапавагі, чалавечай годнасьці, спагады і любові — яна прышчапляе арыштанту самыя гнюсныя заганы. Добра вядома, у якой жахлівай прапорцыі растуць злачынствы, якія маюць характар парушэньня палавой маральнасьці. Рост гэтага роду злачыннасьці тлумачыцца многімі прычынамі, але сярод іх адна з галоўных — заразьлівы ўплыў вязьніцаў. У гэтым дачыненьні шкодны ўплыў турмаў на грамадзтва адчуваецца з асаблівай сілай».
«Правільныя паняцьці на зоне ўсё менш паважаюцца»
Праваабаронца «Плятформы», удава былога асуджанага (яе муж памёр два гады таму ў калёніі пры нявысьветленых абставінах) Алёна Красоўская-Касьпяровіч кажа, што Крапоткін ані не састарэў і сёньня. Бадай, за выключэньнем аднаго моманту: сярод зьняволеных ужо няма той маналітнай салідарнасьці, якой вызначаліся беларускія вязьніцы яшчэ гадоў 15–20 таму.
Экспэрт расейскага руху «За правы чалавека», у мінулым праграміст ды бізнэсовец, а таксама палітвязень Сяргей Махнаткін удакладняе, што ў параўнаньні з часамі Крапоткіна ўзровень «прававога бязьмежжа» ўзрос ня толькі сярод супрацоўнікаў турэмнай сыстэмы, але і сярод ЗК. Апошнім часам усё менш паважаюцца «правільныя паняцьці» — галоўны турэмны кодэкс.
Махнаткін: «У расейскіх вязьніцах усё менш дзейнічаюць зэкаўскія законы. Хай яны былі крымінальныя, аднак яны шмат што рэгулявалі ў паводзінах ЗК. Напрыклад, нельга было красьці. Нават запалку без дазволу нельга было ўзяць — за гэта табурэткай па галаве. У мяне самога некалькі кубкаў для гарбаты скралі. Раней бы за гэтае зладзейства проста хрыбет зламалі. Цяпер жа на зоне крадуць ня менш, чым на волі.
На зоне я сядзеў два гады, што паводле зэкаўскіх мерак зусім сьмешна. Аднак з рэцыдывістамі было шмат размоваў — яны самі ішлі на кантакт. Кажуць: «Мы ў ельцынскія часы, у 1990-я сядзелі, есьці не было чаго, амаль як у ГУЛАГу, аднак у нас была пэўнасьць нейкая. Не было такога „бязьмежжа“, як сярод ЗК, так і сярод адміністрацыі. Абсалютна дакладна: колькасьць незарэгістраваных забойстваў сядзельцаў узрасла, колькасьць пакалечаных таксама. Калі ты палітычны, то цябе наўпрост фізычна і ня „грохнуць“. А калі ў чалавека няма ані адваката, ані сямейнікаў, ані блізкіх, то гэта элемэнтарна. Хто пра яго спытаецца?
Алена Красоўская-Касьпяровіч у многім пагаджаецца з расейскім калегам: сапраўды, «паняцьці» ігнаруюцца вязьнямі ўсё больш. Таксама сустракаюцца і выпадкі забойства ды калецтва ЗК з боку міліцыянтаў у беларускіх турмах, аднак іх колькасьць нельга параўнаць з той, што назіралася ў 1990-я гады.
«Тады зьняволенага маглі забіць без суду і сьледзтва, і гэта ніяк не выходзіла за сьцены турмы. Ніхто нікому ня мог паскардзіцца. Сёньня сталі нашмат больш актыўнымі сваякі зьняволеных, пра гэта заяўляюць праваабаронцы, пішуць СМІ. Зразумела, і кантралёры, і супрацоўнікі пэнітэнцыярных установаў сталі нашмат больш асьцярожнымі. Хоць сярод прадстаўнікоў сярэдняга або ніжэйшага зьвяна гэтай галіны нямала людзей з адукацыяй 9 клясаў, з узроўнем разьвіцьця як у сьлімака і да таго ж з пашкоджанай псыхікай… »
Як адна з аўтараў гэтага кліпу праваабаронца «Плятформы» мяркуе, што дакумэнтальна засьведчыць выпадкі фізычных катаваньняў затрыманых, падсьледных ды асуджаных усё ж лягчэй, чым зафіксаваць працэс ператварэньня асобы ў біямасу. Гэты працэс вельмі характэрны для цяперашніх беларускіх пэнітэнцыярных установаў, а сваімі каранямі ён сягае Нямеччыны канца 1930-х гадоў.
Пра псыхалягічныя спосабы здушэньня асобы ў нацысцкіх канцлягерах
Паводле вучня Зыгмунда Фройда, амэрыканскага псыхааналітыка аўстрыйска-габрэйскага паходжаньня, былога вязьня нямецкіх канцлягераў Бруна Бэтэльгайма, «забойцы могуць толькі забіць, але яны ня маюць улады пазбавіць нас волі да жыцьця. Нацыстам праз псыхалягічныя вопыты ў канцлягерах удалося стварыць сыстэму зьнішчэньня чалавечай годнасьці, ператварэньня асобы ў біямасу. Калі ў выніку чалавек страчваў волю да жыцьця, ён ужо ня мог адмовіцца рыць сабе самому магілу ці ісьці ў газавую камэру».
На падставе ўласнага досьведу зьняволеньня ў Дахаў і Бухэнвальдзе (1938–1939 гг.), калі нацысцкая Нямеччына яшчэ не была нацэленая на татальнае вынішчэньне габрэяў, а ў асноўным арыентавалася на «выхаваньне» ідэальнай ды паслухмянай рабскай сілы, Бэтэльгайм вылучыў шэраг прынцыпаў псыхалягічнага здушэньня асобы.
1. Прымусовая бессэнсоўная праца. Прычым каб сам чалавек разумеў усю яе бессэнсоўнасьць.
2. Патрабаваньне выконваць узаемавыключальныя правілы, якія немагчыма не парушаць. Ва ўмовах канцлягеру гэта прымушала вязьняў кожны раз дамаўляцца з наглядчыкамі і такім чынам быць цалкам ад іх залежнымі.
3. Калектыўная адказнасьць, якая, як вядома, размывае асабістую і ў выніку ператварае кожнага чальца групы ў наглядчыка за астатнімі.
4. Прымусіць чалавека паверыць, што ад яго нічога не залежыць і ён мусіць жыць паводле інструкцыі. Дасягаецца шляхам стварэньня непрадказальнай сытуацыі, у якой немагчыма штосьці плянаваць ды ініцыяваць.
5. Прымусіць людзей рабіць выгляд, што яны нічога ня бачаць і ня чуюць, нават калі на іх вачах чалавека прыніжаюць, зьдзекуюцца зь яго, катуюць ці нават забіваюць. Гэта адзін з найбольш эфэктыўных спосабаў выпрацаваць у чалавека пачуцьцё бясьсільля і адначасна зрабіць яго саўдзельнікам ката.
6. Прымусіць чалавека пераступіць апошнюю ўнутраную рысу, напрыклад, даносіць на бліжніх.
Як лічыць праваабаронца Алёна Красоўская-Касьпяровіч, з таго часу ніхто нічога новага не стварыў. Па сутнасьці, гэтыя самыя спосабы ператварэньня асобы ў біямасу пасьпяхова ўжываліся і ўжываюцца ў іншых дзяржавах, на розных узроўнях грамадзтва, напрыклад, у сям’і. Ня кажучы ўжо пра пэнітэнцыярную сыстэму.
Былы асуджаны прадпрымальнік Уладзіслаў, які адседзеў 8 гадоў за крадзеж у асабліва буйным памеры, кажа, што людзей, якія скаціліся да апошняй рысы маральнага падзеньня, сёньня сярод ЗК нямала. Даносіць начальству на сваіх, тых, з кім сталаваўся і хто цябе падтрымліваў, даносіць, каб атрымаць лепшую пайку, — зьява звыклая. І пляваць, што той чалавек можа беспадстаўна атрымаць ШЫЗА, пазбавіцца перадачаў, спатканьняў з роднымі, ня кажучы ўжо пра ўмоўна-датэрміновае.
Маці асуджанага Антона Натальля, чый сын трапіў у калёнію на 7 гадоў у 18-гадовым узросьце за ўдзел у групавой бойцы, непакоіцца, што сын становіцца вельмі замкнёным, раздражняльным, увогуле далёкім ад вольнага жыцьця. Праца, якую ён робіць, — нерэгулярная і бессэнсоўная, ніякага прафэсійнага разьвіцьця яна не дае.
«Сапраўды, чалавек выходзіць на волю, страціўшы ўсе свае сацыяльныя сувязі ды навыкі. Гэта праяўляецца нават у найменшых дробязях. У тым, што былы вязень ня можа прыгатаваць сабе ежу, у тым, што ён ня здольны сумленным шляхам зарабіць грошы, у тым, што ня ведае, як яму паводзіць сябе ў нармальных кампаніях. Чалавеку цяжка адаптавацца нават у самай простай сытуацыі», — кажа Алёна Красоўская-Касьпяровіч і прыводзіць прыклад з уласнага шлюбу з асуджаным.
«Пасьля турмы ЗК ненавідзяць уладу»
«Калі цяпер у грамадзтве да ЗК ставяцца ўжо нашмат больш ляяльна, чым у часы майго дзяцінства — добрыя знаёмыя, суседзі, сваякі, сябры збольшага не бягуць ад яго, пяты падмазаўшы — то на ўзроўні дзяржаўнай машыны ўсё яшчэ існуе стыгма ў дачыненьні да людзей, якія адбылі пакараньне, — кажа нядаўні асуджаны Аляксей, які прабыў за кратамі 1,5 года. — Гэта праяўляецца і пры наведваньні пашпартнага стала, і пры нейкіх выпадковых сутыкненьнях зь міліцыянтамі».
Аляксей: «Магу сказаць, што за іншымі зьняволенымі я заўважыў, што пасьля турмы яны ў любым выпадку ўжо будуць супраць улады. Таму што на ўласнай скуры адчулі, як улады ставяцца да гэтай сацыяльнай групы. Прайшоўшы праз усе гэтыя зьдзекі, людзі выходзяць з разуменьнем, хто ёсьць хто. Калі яны пойдуць галасаваць, то, зразумела, не за праўладных кандыдатаў».
Паводле ўдзельніка нашай перадачы, расейскага праваабаронцы Сяргея Махнаткіна, нармальнаму чалавеку для нармальнага жыцьця турма ніякага досьведу не дае. Толькі шкоду.
«Кажуць, школа-школа… Хіба толькі для праваабаронцаў, якіх цікавіць вязьніца, — працягвае былы палітвязень. — Толькі трапіўшы за краты, я зразумеў, што звычайны вольны чалавек нават і ўявіць ня можа, што там робіцца. Нават калі ён і прачытаў шмат літаратуры на гэтую тэму, меў шмат размоваў як з былымі сядзельцамі, так і з адмыслоўцамі… Без уласных ведаў адэкватнага ўяўленьня пра вязьніцу ты ніколі не складзеш. Калі казаць пра людзей, якія арыентаваныя не на вязьніцу, а на нармальную вольную дзейнасьць, той жа бізнэс, напрыклад, на нейкія іншыя заняткі, — яна нічога не дае».
Фігурант справы анархістаў, асуджаны Наваполацкай калёніі, палітвязень Ігар Аліневіч у адным з сваіх лістоў на волю напісаў:
«Чым больш зьневажаюць ды прэсінгуюць, тым мацней азлабляецца чалавек на сьвет, на людзей. З зоны выходзіць чалавек, прасякнуты нянавісьцю, бязь веры ў грамадзтва і бяз гроша ў кішэні. Альтэрнатыва заключаецца ў цікавасьці да іншага — незлачыннага ладу жыцьця. І калёнія павінна даць магчымасьць паспрабаваць жыць інакш».
Пры гэтым беларускі анархіст адзначае, што, залежна ад асобы, турма можа даць чалавеку і нешта станоўчае:
«Бацькам анархістаў варта паважаць выбар дзяцей»
«Аблічча чалавека вызначаюць ягоныя ўчынкі, і нават калі ты недзе спатыкнуўся, крытэрам будзе — ці застаўся ты стаяць або аддаў перавагу камфорту ляжачага, — піша ў сваім лісьце з Наваполацкай калёніі Ігар Аліневіч. — Менавіта турма прыносіць прасьвятленьне, своеасаблівую рэвалюцыю сьвядомасьці. Гэта час зразумець, раскрыць душу, вызначыцца. Камусьці шкада мяне, а мне шкада многіх тых, хто шкадуе мяне, бо ім даводзіцца сапраўды цяжка. І ўсё з-за таго, што ніхто не задаваўся пытаньнем: а што адбываецца з астатнімі дзясяткамі тысяч асуджаных, якія ідуць упоперак лініі рэжыму?.. Тэма «палітычных» у лягерах — гэта ўсяго толькі малая кропля ў тэме лягераў увогуле. І ў тых, хто выйшаў, ёсьць пэўная грамадзянская адказнасьць перад тымі, хто застаўся за «калючкай».
Як кажуць бацькі Ігара, яны ўжо даўно не вядуць з сынам размоваў, каб напісаў прашэньне аб памілаваньні, хоць многія з знаёмых увесь час пераконваюць іх, што падобны крок быў бы паратункам для маладога чалавека, асуджанага на 8 гадоў няволі. «У свой час усе нашы нясьмелыя спробы пераканаць Ігара адносна прашэньня проста крыўдзілі яго», — кажа Валянціна Аліневіч.
Вельмі крыўдзіцца, калі чуе такія размовы ад бацькоў, і фігурант справы бабруйскіх анархістаў, асуджаны на 7 гадоў палітвязень Магілёўскай ПК 23-гадовы Арцём Пракапенка.
«Вось і апошні раз, калі мы сустракаліся з сынам на кароткім спатканьні праз шкло, — гаворыць маці палітвязьня Віялета Пракапенка,— мы з бацькам ізноў угаворвалі яго напісаць прашэньне, бо іншага шляху да датэрміновага вызваленьня мы ня бачым. Арцём тады проста прамаўчаў, а потым падчас тэлефанаваньня сказаў: навошта мы яму так псуем настрой? Спатканьням з намі ён заўсёды рады. Праўда, апошняе працяглае спатканьне пры канцы сьнежня, якога мы ўсе чакалі, яму адмянілі. Чаму — ня ведаем. Ён нічога ня кажа. Відаць, ня хоча нас расстройваць. Мы і так моцна перажываем за яго. Ён працуе недзе ў майстэрні, раней былі начныя зьмены. Вядома, стамляецца. Тым больш калі ўлічыць ягонае харчаваньне — як вэгетарыянец ён ня есьць нічога мяснога. Аднак пры гэтым імкнецца займацца спортам. Шмат чытае. Літаратура самая розная — ад клясыкі да часопісаў па мэханіцы».
Як і большасьць анархістаў, і Арцём Пракапенка, і Ігар Аліневіч — ідэйныя вэгетарыянцы. Для іх адмова ад мясных прадуктаў — свайго роду выклік вытворцам мяса, якія робяць грошы на бессэнсоўным разьвядзеньні вялікай колькасьці хатняй жывёлы. Далікатэсы зь яе багатыя людзі, калі сканчаецца тэрмін прыдатнасьці, нярэдка выкідаюць на сьметнік, а бедныя людзі потым рыюцца ў ім, каб не памерці з голаду. Утылізацыя рэштак не прадумана — адгэтуль шкода навакольнаму асяродзьдзю… Зразумела, у вязьніцах настолькі ўпартых у сваіх поглядах ды ўчынках людзей лічаць дзівакамі і нават самагубцамі.
Хоць так лічаць ня толькі ў вязьніцах. Ад многіх «вольных» сёньня можна пачуць: ну чаго гэтыя анархісты вылузваюцца?
Праваабаронца з «Плятформы» Алёна Красоўская-Касьпяровіч кажа, што беларускія анархісты вартыя ўсялякай павагі, бо трымаюцца сваіх прынцыпаў:
«Гэта сьведчыць пра тое, што перад намі вельмі моцныя людзі. Бо асоба памірае разам з адмовай ад прынцыпаў. Зразумела, блізкім назіраць за гэтым цяжка — бо тэрміны зьняволеньня іхніх дзяцей такія, як за забойствы, Гэта ня можа не палохаць. Аднак я шчыра захапляюся хлопцамі, бо яны на фоне больш дарослых і дасьведчаных людзей, якія прадэманстравалі, што прынцыпы захоўваць не абавязкова, паводзяць сябе проста цудоўна. Бацькам проста трэба паважаць гэты выбар».
довольно таки противоречивая статья, с одной стороны авторитет кропоткина, а с другой мохнаткин, олиневич, прокопенко. последние становятся только крепче, пишут книги, статьи, учат жизни. так сказать мохнаткин vs кропоткин
конечно не забываем нестора ивановича, но ведь это сверхновая, много ли таких? конечно любые правила требуют исключений. но что скажет вероятностная статистика на целую плеяду исключений?