Салігорскія ўлады досыць аператыўна адрэагавалі на зварот грамадзянаў пра кантроль за “добраахвотна-прымусовымі” ахвяраваннямі на будаўніцтва Хрыстараждзественскага сабору ў сталіцы шахцёраў.
Напрыканцы студзеня салігорцы запатрабавалі ад уладаў стварэння грамадскай рэвізійнай камісіі па кантралі за сродкамі на будоўлю, а таксама змяшчэння адпаведных справаздач у мясцовай “раёнцы”. Прапаноўвалася абмеркаваць сітуцыю вакол прымусовых пабораў, нямэтавага выкарыстання ды раскрадання сродкаў на будаўніцтва храма ў прамым эфіры гарадскога тэлеканала.
Пасля грамадскага звароту да ўладаў справаздачы ў газеце “Шахцёр” сталі штотыднёвымі! Салігорскі тэлеканал таксама пачаў паведамляць пра сродкі, атрыманыя ад грамадзянаў, і адпаведныя расходы на будаўніцтва. Пры гэтым справаздачыўся ў тэлеэфіры па гэтым пытанні сам старшыня Салігорскага выканккаму Аляксандр Рымашэўскі. Таксама плануецца правядзенне “Актуальнага мікрафона” па дадзенай тэматыцы.
Тым не менш, галоўнае патрабаванне грамадскасці задаволена не было.“Стварэнне грамадскіх рэвізійных камісій, здзяйсняючых кантроль за мэтавымі пазабюджэтнымі рахункамі не прадугледжана заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”, – сцвярджаюць у сваім адказе чыноўнікі. Але і “добраахвотна-прымусовыя” ахвяраванні пад пагрозай звальнення таксама не прадугледжаны заканадаўствам!
Палавіністае выкананне патрабаванняў грамдскасці, аднак, не вырашае праблемы і толькі павялічвае недавер да мясцовых уладаў. На думку аўтараў звароту, штотыднёвыя справаздачы ў газетах і на тэлебачанні не маюць сэнсу, калі апублікаваныя лічбы не могуць быць пацверджаны незалежнымі прадстаўнікамі грамадскасці Салігорску. Выказваюцца і засцярогі адносна правязення на гарадскім тэлеканале “Актуальнага мікрафону”. Калі на перадачу не будуць запрошаны рэальныя апаненты ўладаў, дык “мікрафон” па абмеркаванні хады сбору сродкаў на будаўніцтва храма і іх расходвання можа пераўтварыцца ў звычайны “рупар прапаганды”.