Навіны беларускiх палітвязняў-анархiстаў

Ігара Аліневіча ў калоніі ізалявалі ад родных

За ўвесь час знаходжання ў Наваполацкай калоніі палітвязень Ігар Аліневіч патэлефанаваў сваім родным толькі адзін раз. Пра гэта Радыё Рацыя паведаміла маці зняволенага анархіста Валянціна Аліневіч.

Гэта мяне як маці, канешне, вельмі турбуе, бо ў іншых калоніях зняволеныя маюць магчымасць тэлефанаваць родным у горшым выпадку два разы на месяц, а ў лепшым – кожны тыдзень”, – кажа Валянціна Аліневіч.

– Адміністрацыя тлумачыць гэта тым, што не ўсе калоніі абсталяваны тэлефонамі належным чынам і г.д. Але я бачу ў гэтым магчымасць псіхалагічнага ціску. Я лічу, што ўтойванне інфармацыі пра стан здароўя майго сына і наогул ўтойванне інфармацыі аб ім – гэта своеасаблівае катаванне для яго родных і для яго самога.

27 мая мінулага года Ігар Аліневіч быў асуджаны да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Праваабаронцы прызналі Аліневіча і ягоных паплечнікаў Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча палітычнымі зняволенымі і патрабуюць іх неадкладнага вызвалення.



Т. Францкевіч: На дадзены момант ціску на сына няма

Супрацоўнікі міліцыі наведалі ў калоніі “Воўчыя норы” палітвязня Аляксандра Францкевіча з мэтай даведацца, ці аказвае адміністрацыя папраўчай установы на яго ціск.

Пра гэта Радыё Рацыя паведаміла маці зняволенага анархіста Таццяна Францкевіч, якой на днях патэлефанаваў сын.

– Паведаміў, што асаблівага ціску няма, апроч таго, што яго пазбавілі спаткання з-за парушэння. Кажа, нават прыязджаў хтосьці з аператыўных супрацоўнікаў міліцыі і пытаўся, ці аказваеца на яго ціск. Паведаміў таксама, што прашэння ад іх не патрабуюць, бо, відаць, гэта зараз не ў планах.

27 мая мінулага года Аляксандр Францкевіч быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Праваабаронцы прызналі Францкевіча і ягоных паплечнікаў Мікалая Дзядка і Ігара Аліневіча палітычнымі зняволенымі і патрабуюць іх неадкладнага вызвалення.

Яўген Васьковіч сваё 22-годзе сустрэне ў крытай турме

Сваё 22-годзьдзе Яўген Васьковіч, асуджаны на 7 гадоў за спробу падпалу Бабруйскага КДБ, адзначыць у Магілёўскай турме № 4, так званай «крытцы», у якую летась яго за непадпарадкаваньне перавялі з Магілёўскай калёніі № 15.

Напярэдадні дня народзінаў унука ягоная бабуля Тамара Ўладзімераўна атрымала ліст:

«Ведаю, што ладзіце сьвяткаваньне майго дня народзінаў. Мне вельмі прыемна. Я ганаруся, што ў мяне такая файная бабуля. Але, напэўна, клапоцячыся пра мяне, ты, бабуля, зусім забылася пра сябе. Атрымліваю так шмат лістоў, што не знаходжу часу на кожнае даць грунтоўны адказ. А вось яшчэ ляжаць лісты з ЗША і Швайцарыі. Адказы на іх напісаў, але няма марак (я яму ў канвэрце пашлю). Зараз чытаю раман Генрыка Сянкевіча „Камо грядеши?“ Я ўжо прачытаў ягоныя „Агнём і мячом“ і „Крыжакоў“. Вельмі ўражаны».

Дзядок – злосны парушальнік.

Валерыя Хоціна, жонка Мікалая Дзядка, які атрымаў 4,5 года за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці каля Генштабу, вярнулася з доўгатэрміновага спатканьня з Магілёўскай калёніі № 15. Валерыя кажа, што трымаецца Мікола годна:

«У яго пачаліся праблемы з зубамі, вымушаны быў вырваць адзін зуб. Перайшоў на іншую працу. Зараз працуе проста падсобным, а раней працаваў на мэталаапрацоўцы, дзе ў яго былі канфлікты з брыгадзірам. За ўвесь тэрмін зьняволеньня ў яго 5 парушэньняў, кожнае дзейнічае паўгода. Апошняе было ў сярэдзіне сьнежня. І калі ён не атрымае яшчэ спагнаньня, то ў сярэдзіне траўня апошняе будзе зьнята. З-за спагнаньняў у яго дагэтуль абмежаваная сума, якую ён можа траціць у месяц. Я думала, што гэтая сума датычыць толькі прадуктаў, але Мікола сказаў, што гэта на ўсё».

Такім чынам, у месяц на так званую «атаварку» — харчаваньне, прадметы гігіены — Мікалай Дзядок можа патраціць адну базавую велічыню, то бок 35 тысяч. Да таго ж яму забаронена наведваць культурніцкія мерапрыемствы, канцэрты. Але што самае істотнае — калі ёсьць спагнаньні, асуджаны ня можа спадзявацца, што пакараньне яму заменяць на лягчэйшае. Да прыкладу, 3 сакавіка — паўтара года, як Дзядок знаходзіцца за кратамі, ён адбудзе траціну тэрміну і паводле закону мае права на замену пакараньня (напрыклад, перавод на «хімію»). Але ягоную кандыдатуру нават не выносяць на разгляд камісіі.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *