На Магілёўскім хлебзаводзе №4 рабочыя патрабуюць павышэння заробкаў. З гэтай мэтай яны арганізавалі збор подпісаў да адміністрацыі прадпрыемства, аднак ужо на гэтым этапе сутыкнуліся з ціскам з яе боку.
“Мы паспелі сабраць усяго 22 подпісы пад зваротам да дырэктара з патрабаваннем узвысіць заробак рабочым, як пра гэта ўжо даведаліся ў адміністрацыі прадпрыемства і ўсім падпісаўшымся пачалі званіць і пагражаць расправай за ініцыятыву”, – гаворыць работніца хлебзавода Валянціна.
“Заўтра, 12 сакавіка, усім рабочым нашай змены загадалі прыйсці на працу на паўгадзіны раней. У гэты час адбудзецца агульны сход работнікаў хлебзавода ў актавай зале. Начальства перадала, што на сустрэчы будуць прысутнічаць генеральны дырэктар, кіраўнік прафсаюзу і начальнік аддзела працы і заробка. Яны будуць разбіраць склаўшуюся сітуацыю”, – працягвае Валянціна.
Работніца адзначае, што пад ціскам адміністрацыі хлебзавода некаторыя з рабочых ужо адмовіліся ад сваіх подпісаў.
“Начальства запалохала рабочых і спрабуе заткнуць ім рты, каб нічога не казалі, а рабілі ўсё што загадаюць. Пры гэтым плацяць мінімум. Заробак на прадпрыемстве сярод рабочых складае ў сярэднім 1,1 – 1,5 мільёны рублёў, хоць дэкларуемы сярэдні заробак на прадпрыемстве – 1,9 мільёны рублёў, аднак, пра такія лічбы рабочыя могуць толькі марыць”.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што пільна сочыць за склаўшайся сітуацыяй на прадпрыемстве.
“Мы аказваем кансультацыі рабочым хлебзавода і гатовы абараняць іх правы ў выпадку неабходнасці. Пакуль яшчэ нікога не звольнілі і заява не перададзена ў адміністрацыю прадпрыемства, таму цяжка сказаць, як пачне разгортвацца сітуацыя надалей. Мы чакаем яе прасвятлення. Вядома, што на хлебзаводзе адбылася мадэрнізацыя. У мясцовых газетах пісалі, што прадукцыйнасць працы вырасла ў 15 разоў, аднак гэта ніяк не паўплывала на заробках рабочых. Лічу, што ў работнікаў хлебзавода ёсць законныя правы патрабаваць павышэння заробку. Усё гэта неабходна пралічыць. Тут важную ролю мусіць адыграць і прафсаюз. Калі ён не дапаможа, адміністрацыя не пойдзе насустрач работнікам, а рабочыя будуць салідарны ў сваіх дзеяннях, незалежныя прафсаюзы Магілёва дапамогуць скаардынаваць іх далейшую працу”, – гаворыць Барыс Бухель.