Беларусь за 2012 год павінна выплаціць $18,9 мільярда доўгу

Прывід Грэцыі паўстаў у вачах тых эканамістаў, якія пабачылі гэтыя лічбы: Нацбанк ацэньвае выплаты на абслугоўванне валавога замежнага доўгу ў 2012 годзе ў суму $18,9 мільярда. Гэта складае 34,6% ад ВУП краіны.

З іх дзяржава сплаціць 1,78 мільярда, астатняе — прадпрыемствы і банкі.

Прагноз прыведзены ў аглядзе аплатнага балансу за 2011 год.

Па прагнозе Мінэканомікі, экспарт тавараў і паслуг сёлета складзе $49,87 мільярда. Такім чынам, абслугоўванне вонкавага доўгу ў 2012 годзе ацэньваецца на 37,9% ад гадавога аб’ёму экспарту.

Як паведамлялася, валавы вонкавы доўг Беларусі на 1 студзеня 2012 года склаў $34,028 мільярда.

А вось вонкавы доўг урада дасягнуў $12,351 мільярда (22,6% ВУП), павялічыўшыся за год на 22,8%.

У 2011 годзе краіна выплаціла 6,3 мільярда даляраў на абслугоўванне замежнага доўгу. Гэта складала 11,6% ад ВУП.

Нават само параўнанне гэтых лічбаў паказвае, што 2012 год будзе годам заціснутых пасаў. Ураду прыйдзецца прадаць долю ў «Беларуськаліі» і атрымаць такім чынам сродкі для «выкупнога» за крэдыты суб’ектаў гаспадарання або весці цяжкія перамовы аб рэструктурызацыі, пераносе выплат. Інакш многія запазычаныя прадпрыемствы і банкі збанкрутуюць.

$18,9 мільярда, або 34,6% ад ВУП — гэта гіганцкая сума для эканомікі. Такая агромністая сума выплат тлумачыцца высокай доляй кароткатэрміновых, нявыгадных крэдытаў, якія краіна брала ў 2010 і 2011 гадах.

Эканаміст Зміцер Крук тлумачыць, што $18,9 мільярда — гэта грошы, якія б беларускія арганізацыі мусілі сплаціць, калі б вярталі ўсе кароткатэрміновая плацяжы.

«Але такое ніколі не здараецца, бо частка крэдытаў будзе рэфінансаваная», — мяркуе ён.

Падобнага меркавання прытрымліваецца і эканаміст Дзмітрый Івановіч. «У дадзеным выпадку лічаць увесь кароткатэрміновы замежны лоўг плюс працэнтныя плацяжы. Праблемы могуць узнікнуць, калі не будзе продажу актываў на $2,5 мільярда і калі сальда замежнага гандлю не будзе такім, як у пачатку года», — прагназуе ён.

Крынiца.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *