Гісторыя Наваполацкай папраўчай калёніі № 10 наўпрост зьвязаная з гісторыяй самога гораду. Сваім узьнікненьнем на пачатку 1960-х Наваполацак абавязаны тагачасным патрабаваньням народнай гаспадаркі СССР, дакладней — патрэбай якаснага паліва для Заходняй групы савецкіх войскаў. Рашэньнем савецкага ўраду ўзьвядзеньне нафтаперапрацоўчага заводу на беразе Заходняй Дзьвіны было абвешчана камсамольскай будоўляй. Разам з карпусамі НПЗ «камсамольцы-дабравольцы» пабудавалі для сябе ў якасьці часовага жытла і баракі. Напачатку на мапе зьявілася невялікае паселішча, потым — горад зь пераважна панэльнай забудовай.
Жытло ЗК — «камсамольскія баракі»
Тыя баракі, пабудаваныя больш за 50 гадоў таму, служаць у якасьці жытла па-ранейшаму. Толькі для ЗК. Цяпер яны месьцяцца ўжо не сярод маляўнічай прыроды, а паміж двума прамысловымі хімічнымі гігантамі — «Нафтанам» і «Палімірам». Ужо некалькі дзесяцігодзьдзяў запар гэтая тэрыторыя за некалькімі радамі дроту, глухім плотам, вышкамі, аўчаркамі належыць Наваполацкай ПК-10. Зразумела, што побач з гістарычнымі аб’ектамі «камсамольскай будоўлі» тут пасьпелі зьявіцца і некаторыя новыя збудаваньні. Напрыклад, праваслаўная царква.
У параўнаньні зь іншымі беларускімі ПК Наваполацкая лічыцца найбольш закрытай. Тут, напрыклад, не праводзяцца для грамадзкасьці традыцыйныя для іншых папраўчых установаў Дні адчыненых дзьвярэй. Тым ня менш госьці ў калёніі бываюць даволі часта. Гэта пераважна афіцэры сыстэмы ДВП, якія пераймаюць у Наваполацку перадавы вопыт. ПК-10 мае рэпутацыю ўзорна-паказальнай у пытаньнях выхаваўчага працэсу.
У 2011 году ў ПК-10 упершыню ў гісторыі зьявілася цэлая кампанія палітзэкаў: Андрэй Саньнікаў, Мікіта Ліхавід, Алесь Кіркевіч, Ігар Аліневіч.
Сёньня з гэтых сядзельцаў у калёніі застаўся толькі Ігар Аліневіч.
Адрас ПК-10:
211440, Віцебская вобл., г. Наваполацак, вул. Тэхнічная, 8.
Тэлефоны: (8-02145) 57-1-27; (8-02145) 57-1-30; (8-02145) 57-2-96.
Начальнік: падпалкоўнік Сівоха Аляксандар Мікалаевіч.
Кантынгент:
Паводле афіцыйных зьвестак, асноўны кантынгент наваполацкіх ЗК — тыя, хто належыць да так званых АЗГ (арганізаваных злачынных груповак). Шмат хто сядзіць за рабункі, прыкладна 20% сядзельцаў пакараныя за забойствы. Раней паведамлялася, што адзін зь іх — былы намесьнік камандзіра СОБР (па-беларуску — спэцатрад хуткага рэагаваньня) маёр Андрэй Васільеў. Яго былы сукамэрнік засьведчыў у інтэрвію маскоўскаму тэлеканалу НТВ, што маёр адкрыта заяўляў пра сваё дачыненьне да «эскадрону сьмерці» і зьнікненьня Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзьмітрыя Завадзкага ў 1999–2000 гадах. У 2002 Васільеў быў асуджаны на 21 год турмы нібыта за забойства дзяўчыны. Паводле неафіцыйнай вэрсіі, собраўца «хаваюць» у зоне за тое, што шмат ведае. Кажуць. што Васільеў ня мае аніякіх кантактаў зь іншымі ЗК.
Жонка асуджанага афіцэра: «Галоўнае для майго мужа — вярнуць сваё добрае імя»
…Жонка асуджанага за ўдзел у АЗГ Марына зьбіраецца ў Наваполацак на працяглае спатканьне. У калёніі яе муж сядзіць ужо 7 гадоў. Засталося яшчэ 5. Таленавітага ваеннага інжынэра-канструктара пасадзілі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, нібыта за датычнасьць да АЗК, крадзеж і гандаль зброяй. За гэты працяглы час Марына стала сапраўдным асам у пытаньнях, як найлепш, хутчэй і, што вельмі важна для яе вялікай сям’і з чатырма дзецьмі, найбольш ашчадна сабраць дазволеную раз на шэсьць месяцаў харчовую пасылку вагою ў 30 кілё. Пры ўсёй практычнасьці жанчыны сёньняшняя перадача абышлася ёй прыкладна ў 2,5 мільёна, а мо нават і болей. Машыны ў Марыны няма. А таму зь Менску да Наваполацку даводзіцца дабірацца на маршрутцы, а потым яшчэ на таксоўцы (безь яе з 30-кіляграмовай торбай дайсьці да брамы зоны проста нерэальна). Шлях толькі ў адзін бок абыходзіцца прыкладна ў 100 тысяч. Назад з калёніі жанчына ідзе ўжо ўлегцы, а таму да аўтастанцыі можна і без таксоўкі, на трамвайчыку (кошт квітка прыкладна такі, як і ў Менску). Потым маршрутка ці аўтобус — тысяч 70.
«Усялякі раз, як набліжаюся да ПК, настае нейкае пяршэньне ў горле, — кажа жанчына. — Такое ўражаньне, што ў паветры ўсе элемэнты табліцы Мендзялеева. Пасьля Менску, нават пасьля Наваполацку адчуваеш рэзкую розьніцу ў паветры. Менавіта праз пах, нават з завязанымі вачыма, скажаш, што ты ля Наваполацкай калёніі. Асабліва адчувальна, калі сухое надвор’е. Кажуць, ва ўсёй калёніі расьце толькі адно дрэва, дый тое хворае».
Паводле Марыны, яе муж даўно не заўважае такой «драбязы». Як не заўважае і харчаваньня, якое часта непрыдатнае для чалавека. Так, на скрынях з рыбай, якія паступаюць у калёнію, нярэдка можна ўбачыць надпіс: «Для пушных зьвяроў».
«Майму мужу ўсё роўна, што есьці, дзе спаць, які побыт, — кажа жанчына. — Ён увесь час кажа: я афіцэр, я трапіў сюды незаконна, а таму справа гонару для мяне — рэабілітаваць уласнае сумленнае імя. Я бачу: ён упэўнены, што гэта яму ўдасца. Ён паходзіць з кадравай афіцэрскай сям’і, ён вельмі скрупулёзны і вельмі ўпарты чалавек. Усе гэтыя 7 гадоў яго мала што цікавіць, акрамя працы з дакумэнтамі па сваёй крымінальнай справе і выкананьня пастаўленай мэты — перагляду прысуду».
Што большасьць асуджаных за АЗК сядзяць незаконна, сьведчыў і колішні наваполацкі сядзелец Андрэй Саньнікаў.
Летась, адразу як яго этапавалі ў Наваполацак, ён пачуў шмат словаў падзякі ад тамтэйшых сядзельцаў за тое, што ў сваёй перадвыбарнай праграме казаў пра незаконныя прысуды.
Саньнікаў: «Як невінаватыя людзі атрымліваюць велізарныя тэрміны»
«Тут у калёніі я ўбачыў катастрафічныя маштабы таго, як невінаватыя людзі атрымліваюць велізарныя тэрміны», — паведаміў экс-кандыдат на прэзыдэнта падчас спатканьня ў ПК-10 летась у лістападзе са сваёй жонкай Ірынай Халіп. Пазьней журналістка надрукавала гэтую размову ў маскоўскай «Новой газете» і на сайце «Хартыі». Вось што, напрыклад, расказаў Саньнікаў пра так званыя фіктыўныя АЗК.
«Дапусьцім, ёсьць нейкае некім зьдзейсьненае злачынства. Аднак патрэбная гучная справа. Тады да абвінавачанага „прышпільваюцца“ любыя знаёмыя і паўзнаёмыя — аж да кантактаў з мабільнага тэлефона. І хоць у злачынстве вінаватыя два-тры чалавекі, на лаве падсудных могуць апынуцца40–50, і гэта ўжо будзе называцца арганізаванай злачыннай групай. І за гэта ўвесь ланцужок — сьледзтва, пракуратура, суд — атрымае дадатковыя „зорачкі“, прэміі, прасунецца па службе. Праўдападобна, што сыстэма заахвочваньняў у сьледчых органах, судах, пракуратуры грунтуецца на гэтым: чым больш невінаватых асуджана, тым больш прэміяў і іншых бонусаў. Дарэчы, ёсьць і другі бок гэтай праблемы: пакуль саджаюць невінаватых, сапраўдныя злачынцы застаюцца на волі».
Валянціна Аліневіч: «Жыцьцё навучыла бачыць плюсы ў малым»
Сядзелец ПК-10 Ігар Аліневіч мае самы працяглы сярод ўсіх беларускіх палітвязьняў тэрмін пакараньня — 8 гадоў З часу этапаваньня сына ў калёнію — гэта здарылася мінулай восеньню — яго маці Валянціна бачыла яго толькі двойчы.
Першы раз — 19 лістапада, калі замест трох належных для працяглага спатканьня дзён ёй і мужу далі толькі паўтара. Спатканьне магло і ўвогуле не адбыцца, бо ліст з дазволам сям’я атрымала толькі ўвечары 18 лістапада. Сёлета 25 студзеня адбылася другая сустрэча, усяго на пару гадзінаў. Аліневіч: «Гэта было кароткатэрміновае спатканьне, праз шкло і вельмі траскучыя тэлефонныя апараты.
Усё адбывалася напярэдадні вялікіх маразоў. Канечне ж, душа была не на месцы, што там і як. У нашай сям’і няма аніякага досьведу ў турэмных пытаньнях. Спачатку мы, наіўныя, спадзяваліся, што калі паводле закону асуджаныя маюць права на тры тэлефанаваньні ў месяц, яны столькі і будуць тэлефанаваць. Аднак менавіта ў гэтай калёніі са званкамі вельмі кепска. Таксафонаў, наколькі я зразумела, там няма ўвогуле. Відавочна, што ў кіраўніцтва няма зацікаўленасьці ў тым, каб інфармацыя кудысьці выходзіла. Тым ня менш жыцьцё навучыла бачыць плюсы ў малым. Мы вярнуліся да цудоўнай традыцыі пісаць лісты і атрымліваць ад гэтага надзвычайную радасьць».
Валянціна Аліневіч кажа, што падчас спатканьняў яе вельмі ўразіў выраз твару сына: «Гэты быў спакойны і ўпэўнены ў сабе, вельмі мужны малады чалавек».
Ігар Аліневіч: «Ніякія сутарэньні КДБ ня робяць такога ўражаньня, як усход сонца»
28-гадовыадмысловец у галіне радыёэлектронікі і касьмічных тэхналёгіяў Ігар Аліневіч асуджаны за напад на расейскую амбасаду і падпал дзьвярэй філіі Беларусбанку. Для таго каб пасадзіць яго на 8 гадоў, не патрэбныя былі доказы, усяго толькі абгавор аднаго чалавека, якога вызвалілі з залі суду«.
Тым часам, як сьведчыць гісторыя беларускіх турмаў, зьняволеныя кшталту Аліневіча, тыя, хто апантаны ідэяй і мае вышэйшы ў параўнаньні зь іншымі IQ, — сапраўдны галаўны боль для сьледчых ды турэмнікаў. Тым больш калі яны перакананыя анархісты, то бок з ідэйных меркаваньняў не падпарадкоўваюцца дзяржаўнаму прымусу і выступаюць за ліквідацыю любога дыктату ўлады і любой эксплюатацыі. Такія гатовыя пераносіць і штрафныя ізалятары, і «крытку», і зьбіцьцё міліцыянтамі.
Паводле зьвестак маці Ігара, якія яна атрымала ад яго сукамернікаў па СІЗА КДБ ды «Валадарцы», турэмнікі зьбівалі яе сына вельмі жорстка.
«Аднак мой сын, — кажа Валянціна, — вельмі мужны хлопчык. Ён ніколі ні на што ня скардзіцца. Адзінае пра што расказваў дык пра сапраўдную эўфарыю, якая настала ў яго пасьля этапаваньня з тых СІЗА ў калёнію. Тое ж самае, паводле ягоных словаў, было ў Алеся Кіркевіча ды Андрэя Саньнікава, зь якімі ён апынуўся разам у карантыне. Усе яны не заўважалі аніякай атруты ў паветры, аніякіх аўчарак, аніякага дроту — толькі неба ды сонца»…
Ігар расказваў Валянціне, што ў Наваполацку будынак таго карантыну глядзіць якраз на ўсход.
«Ты нават не ўяўляеш сабе, — гаварыў ён маці, — якое надзвычайнае ўражаньне пакідае ўсход сонца. Асабліва пасьля КДБ. Ты глядзіш і бачыш у гэтым штосьці неверагоднае, нейкі цуд. Прыходзіш да высновы, што жыцьцё можа працягвацца і пасьля тых сутарэньняў КДБ».
***
З прычыны закрытасьці беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы нашы зьвесткі пра папраўчую ўстанову, на жаль, ня могуць быць поўнымі. Вельмі разьлічваем на інфармацыю наведнікаў сайту, якія або самі адбывалі пакараньне, або маюць сваякоў ды блізкіх сярод асуджаных. Згодна з афіцыйнай беларускай статыстыкай, наўпрост ці ўскосна з турмой зьвязаны кожны сёмы жыхар краіны. Вы можаце дадаць сваю інфармацыю ў камэнтарах да гэтага артыкулу.