Меркаванне пэнсіянэраў з Менску: «Мы гэтую краіну будавалі, а жыць няма за што»


Пэнсіянэры — заўсёдныя наведнікі менскага Камароўскага рынку. І ня толькі ў якасьці пакупнікоў, але і працаўнікоў — гандляроў ды прыбіральшчыкаў. Пра хуткае падвышэньне пэнсіяў шмат хто зь іх яшчэ ня чуў. Да навіны ставяцца па-рознаму:

Пэнсіянэрка: «Нічога ня чула пра пэнсію. Ня думаю, што нам нешта падвысяць, толькі абяцаюць».

Пэнсіянэрка: «Ня чула і ня верыцца нешта. Вядома, добра, бо вельмі лекі дарагія. У краме ўсё дорага, а ў мяне пэнсія — паўтара мільёна. І нават калі дададуць сто ці дзьвесьце тысяч — мы ўжо расьцьвітаем, падымаецца настрой, што нас не забываюць. А гэта — самае галоўнае для нас, для пэнсіянэраў».

Пэнсіянэр: «Так, мы чакалі, што падвысяць пэнсію. І хоць дадатак толькі 10%, інфляцыі не кампэнсуе, але ўжо нейкія плацяжы можна будзе зрабіць. І вельмі ўдзячныя ўраду, што дададуць нам гэтую пэнсію большую».

Карэспандэнтка: «А чым вы тут гандлюеце?»

Пэнсіянэр: «Лекавыя травы прадаю, грыбы. Я флярыст, то для мяне гэта і хобі, і дапамога да пэнсіі, бо цяжка жыць».

Пэнсіі ў Беларусі звычайна падвышаюць напярэдадні розных палітычных кампаніяў — выбараў альбо рэфэрэндуму. Сёлета ўлады абяцалі падвысіць пэнсіі яшчэ ў сакавіку, але робяць гэта толькі ў ліпені. Тым часам пэнсіянэры кажуць, што мусяць працаваць, каб задаволіць усе свае жыцьцёвыя патрэбы:

Спадар Станіслаў прывёз лекавыя травы, грыбы і ягады аж з Гарадзеншчыны

Спадар Станіслаў прывёз лекавыя травы, грыбы і ягады аж з Гарадзеншчыны

Спадарыня: «Працую таму, што на адну пэнсію не пражыць: за кватэру трэба заплаціць, за сьвятло заплаціць, лекі набыць — за адну пэнсію не пражывеш. Вось і прыходзіцца ў гародзе нешта сеяць і зараз прадаваць. Пажадана, каб у нас была большая пэнсія, большая».

Карэспандэнтка: «Дык з 1 ліпеня пэнсію падвысяць»…

Пэнсіянэрка: «Што гэты мізер, 10% — гэта 200 тысяч. А сьвятло, газ, вада — усё даражэе. Я пры Савецкім Саюзе была ці не найбагацейшай пэнсіянэркай. А цяпер самая бяднейшая. Мы гэтую краіну будавалі, а цяпер пражыць няма за што».

Іншая спадарыня: «А я падпрацоўваю тут гадоў пятнаццаць ужо: працую на зямлі — як чорны вол цягну, і дзеці мае таксама. У сэзон трэба хоць крыху падгандляваць, бо на пэнсію не пражыць. Вось і падзарабляю да пэнсіі на сваім агародзе. А Лукашэнка мусіць больш крыху цікавіцца намі, людзьмі, якія цяжка працуюць на зямлі».

Пэнсіянэрка гандлюе на падыходах, каб не плаціць за месца на рынку

Пэнсіянэрка гандлюе на падыходах, каб не плаціць за месца на рынку

Пэнсіянэр: «Я атрымліваю пэнсію, але гэта толькі дадатак да майго заробку, бо я працую, каб больш-менш годна жыць. Хіба можна пражыць на пэнсію ў два мільёны?»

Карэспандэнтка: «А на колькі трэба павысіць пэнсію, каб можна было годна пражыць?»

Пэнсіянэр: «Як мінімум удвая. А гэтае падвышэньне на 10% — гэта толькі для таго, каб сказаць — мы ж падвышаем, і ўсё».

Крынiца.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *