У Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці ў выніку прарыву нафтаправоду адбылася ўцечка нафты.Як паведаміў памочнік начальніка абласнога ўпраўленьня МНС Сяргей Машноў, аварыя адбылася раніцай 13 траўня на адлегласьці 3,5 км ад вёскі Імянін.
Паводле слоў сп. Машнова, у 7:59 прыборы на помпавай станцыі ў Пінскім раёне зафіксавалі падзеньне ціску ў трубе магістральнага нафтаправоду РУП “Гомельтранснафта “Дружба”. Апэратар станцыі зьнізіў ціск да нулявой адзнакі. На месца здарэньня выехалі аварыйна-аднаўленчыя брыгады помпавых станцый Пінскага і Кобрынскага раёнаў. Яны выявілі разгермэтызацыю трубаправоду дыямэтрам 820 мм. У выніку аварыі на ўзаранае поле выцекла прыблізна 100 кубамэтраў сырой нафты.
Акрамя таго, нафта трапіла ў мэліярацыйны канал на адлегласьці прыкладна 180 м ад месца аварыі. Далейшае распаўсюджваньне плямы не было дапушчана шляхам стварэньня на канале дзьвюх пясчаных дамб.
З воднай гладзі каналу нафта адпампаваная. На 17 гадзін яе сабрана прыблізна 40 кубамэтраў. Нафта дастаўленая ў аўтацыстэрнах на помпавую станцыю ў вёску Астромічы Кобрынскага раёну. Пачынаюцца работы па зборы нафты з паверхні грунту. Гэтая нафта будзе зьбірацца ў спэцыяльна выкапаным катлаване, пакрытым плёнкай.
У ліквідацыі наступстваў аварыі задзейнічаныя 25 чалавек і 17 адзінак тэхнікі.
На месцы здарэньня працуе камісія па надзвычайных сытуацыях пры Драгічынскім райвыканкаме. Прычына аварыі ўстанаўліваецца.