Павышэнні коштаў закранулі некалькі прэстыжных ВНУ краіны — БДУ, БДЭУ і БНТУ. У многіх іншых навучальных установах павышэння аплаты чакаюць у канцы навучальнага года.
Для некаторых студэнтаў навіна стала ўдарам. У сярэднім кошты навучання ў тым жа БДУ і эканамічным універсітэце павысіліся на 20%.
“Новыя кошты на навучанне зацвердзілі з першага лістапада, — кажуць у бухгалтэрыі БДУ. — У пачатку гэтага тыдня быў падпісаны загад аб павышэнні аплаты. Кошты павысіліся на ўсіх факультэтах, у сярэднім на 20 працэнтаў”.
У бухгалтэрыі растлумачылі, што павысіць плату за навучанне было неабходна для таго, каб выплаціць заробкі выкладчыкам.
“З першага лістапада павялічылася тарыфная стаўка першага разраду для бюджэтных арганізацый, — працягваюць тлумачыць у бухгалтэрыі. — Так у нас павялічваюцца заробкі выкладчыкам, а яны ўключаныя ў кошт навучання”.
На такіх факультэтах БДУ, як філасофіі і сацыяльных навук, міжнародных адносінаў, журналістыкі кошты дзённага навучання ўзляцелі на 500-600 тысяч беларускіх рублёў.
Трэба адзначыць, што павышэнне платы за навучэнне саўпала з павышэннем заробкаў і стыпендый, а таксама з павышлэннем кошту прадуктаў і платы за праезд у грамадскім транспарце. Такім чынам у бліжэйшай перспектыве рэальны дабрабыт насельніцтва не стане болей, бо цэны і інфляцыя растут шмат хутчэй за заробкі.