Сёння суд Ленінскага раёна Гродна разгледзіў справу “абаронцаў дрэваў”.
Эдвард Дзьмухоўскі, Ігар Лапеха і Надзея Крапівіна 16 кастрычніка былі арыштаваныя міліцыяй за спробу перашкодзіць неправамернаму спілоўванню дрэваў на вуліцы Тэлеграфнай у г.Гродна.
Суд прызнаў Дзьмухоўскага вінаватым у дробным хуліганстве і аштрафаваў яго на 5 базавых велічынь (175.000 рублёў). Ігара Лапеху і Надзею Крапівіну абвінавацілі ў дадатак яшчэ і ў непарадкаванні міліцыі. Лапеха атрымаў штраф у 30 базавых (1.050.000), Крапівіна — 25 базавых (875.000).
Дрэвы былі спілаваныя без усялякага папярэдняга абмеркавання з жыхарамі вуліцы і таксама без папярэдняй экспертызы — замест прапісаных у акце ліквідацыі “хворых” клёнаў спілоўваліся зусім здаровыя ясені і ліпы.
Выхад гарадзенцаў на вуліцу быў адчайнай спробай спыніць вакханалію знішчэння гарадской зеляніны, якая працягваецца ўжо больш за два гады, і стаў адлюстраваннем думак і памкненняў сотняў гарадзенцаў, якія дамагаюцца абараніць дрэвы ў сваіх дварах.