Солигорск. После аварии на втором руднике ситуация по прежнему критичная!

Па трапляючай у рэдакцыю САЛІГОРСК.org інфармацыі, сытуацыя вакол тэхнагеннай аварыі на другім рудніку ААТ «Беларуськалій» па-ранейшаму застаецца крытычнай. Афіцыйныя прадстаўнікі прадпрыемства ў сваю чаргу працягваюць супакойваць грамадзян, а мясцовыя ўлады пагражаюць звальненьнем усяму калектыву мясцовага тэлеканала за распаўсюд праўдзівай інфармацыі.

На фота: узьведзеньне другой перамычкі

Ужо больш за два тыдні салігорскія шахтары ня могуць даць рады вадзе трапляючай у шахту другога рудніку з хуткасьцю 35 — 40 мэтраў кубічных у гадзіну. Кіраўніцтва Беларуськалія сьцьвярджае, што шахтары сутыкаюцца з такімі сытуацыямі часта. Паводле галоўнага інжынэра «Беларуськалія» Уладзіміра Шпакоўскага гутарка ідзе пра высокамінэралізаваныя расолы, але ж не пра прэсныя воды, якія маюць значна большую разрушаючую сілу. Цяпер расолы перакачваюцца і адводзяцца ў выпрацоўкі. Узьведзена ўжо дзьве гідраізаляцыйныя перамычкі ў вядуцца працы над трэцяй.

Афіцыйны прадстаўнік прадпрыемства пацьвердзіў факт удзелу замежных спэцыялістаў, у прыватнасьці польскіх, у вырашэньні праблемы. Акрамя таго Уладзімір Шпакоўскі паабяцаў рэгулярна інфармаваць насельніцтва аб разьвіцьці сытуацыі. Аднак у рэчаіснасьці мы можам назіраць зусім іншы малюнак.

Ужо больш за тыдзень аніякай інфармацыі на афіцыйным сайце «Беларуськалія» датычна аварыі на другім рудніку не зьяўлялася. Больш за тое, мы маем інфармацыю аб прэсінге з боку мясцовай «вэртыкалі» на супрацоўнікаў Салігорскага тэлеканалу ў сувязі з распаўсюдам праўдзівай інфармацыі ў першыя дні аварыі на рудніку. Як паведамляе наша крыніца ў афіцыйных колах, кіраўнік Салігорскага выканкаму Аляксандар Рымашэўскі асабіста загадаў дырэктару СТК звольніць усіх датычыных да выхаду інфармацыі аб аварыі ў этэр каналу. Журналісты дзяржаўнага СМІ апынуліся ў складанай сытуацыі, калі ўжо пададзеная інфармацыя зь першакрыніцаў апынулася ў супярэчнасьці з пазьнейшымі афіцыйнымі заявамі прадстаўнікоў Беларуськалія.

Што да не афіцыйнай інфармацыі, дык па нашых дадзеных сытуацыя на другім рудніку застаецца крытычнай. Узьвядзеньне другой перамычкі посьпехаў не прынесла, бо ў шахту актыўна трапляе прэсная (альбо зь вельмі малой канцэнтрацыяй солі) вада, якая наўпрост размывае пароду. Для барацьбы з затапленьнем шахты актыўна прыцягваюцца працоўныя зь іншых руднікаў. Таксама на месцы аварыі працуюць спэцыялісты зь Нямеччыны і Польшчы, вядуцца кансультацыі зь італійскімі і канадзкімі спэцыялістамі.

Неафіцыйныя прагнозы разьвіцьця сытуацыі вагаюцца ад крытычных да катастрафічных. Закрыцьцё шахты другога рудніка разглядаецца як адзін з найбольш верагодных варыянтаў, але ж не выключаецца і найгоршы варыянт зьвязаны з закрыцьцём пятага (чырвонаслабодзкага) рудніка. Ужо зараз раглядаецца магчымасьць перасяленьня вясковых жыхароў, якія пражываюць у зоне магчымых правалаў.

Як сьведчыць сусьветны досьвед, выратаваць шахту ад затапленьня ў аналягічных сытуацыях практычна немагчыма. Зрэшты, гэты працэс можна запаволіць і стабілізаваць. У некаторых выпадках здабыча руды можа цягнуцца яшчэ нават дзесьяць год, але ж у выніку вада ўсё адно возьме сваё.

Источник.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *