Навіны беларускiх палітвязняў-анархiстаў

Ігара Аліневіча ў калоніі ізалявалі ад родных

За ўвесь час знаходжання ў Наваполацкай калоніі палітвязень Ігар Аліневіч патэлефанаваў сваім родным толькі адзін раз. Пра гэта Радыё Рацыя паведаміла маці зняволенага анархіста Валянціна Аліневіч.

Гэта мяне як маці, канешне, вельмі турбуе, бо ў іншых калоніях зняволеныя маюць магчымасць тэлефанаваць родным у горшым выпадку два разы на месяц, а ў лепшым – кожны тыдзень”, – кажа Валянціна Аліневіч.

— Адміністрацыя тлумачыць гэта тым, што не ўсе калоніі абсталяваны тэлефонамі належным чынам і г.д. Але я бачу ў гэтым магчымасць псіхалагічнага ціску. Я лічу, што ўтойванне інфармацыі пра стан здароўя майго сына і наогул ўтойванне інфармацыі аб ім – гэта своеасаблівае катаванне для яго родных і для яго самога.

27 мая мінулага года Ігар Аліневіч быў асуджаны да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Праваабаронцы прызналі Аліневіча і ягоных паплечнікаў Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча палітычнымі зняволенымі і патрабуюць іх неадкладнага вызвалення.



Т. Францкевіч: На дадзены момант ціску на сына няма

Супрацоўнікі міліцыі наведалі ў калоніі “Воўчыя норы” палітвязня Аляксандра Францкевіча з мэтай даведацца, ці аказвае адміністрацыя папраўчай установы на яго ціск.

Пра гэта Радыё Рацыя паведаміла маці зняволенага анархіста Таццяна Францкевіч, якой на днях патэлефанаваў сын.

— Паведаміў, што асаблівага ціску няма, апроч таго, што яго пазбавілі спаткання з-за парушэння. Кажа, нават прыязджаў хтосьці з аператыўных супрацоўнікаў міліцыі і пытаўся, ці аказваеца на яго ціск. Паведаміў таксама, што прашэння ад іх не патрабуюць, бо, відаць, гэта зараз не ў планах.

27 мая мінулага года Аляксандр Францкевіч быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Праваабаронцы прызналі Францкевіча і ягоных паплечнікаў Мікалая Дзядка і Ігара Аліневіча палітычнымі зняволенымі і патрабуюць іх неадкладнага вызвалення.

Яўген Васьковіч сваё 22-годзе сустрэне ў крытай турме

Сваё 22-годзьдзе Яўген Васьковіч, асуджаны на 7 гадоў за спробу падпалу Бабруйскага КДБ, адзначыць у Магілёўскай турме № 4, так званай «крытцы», у якую летась яго за непадпарадкаваньне перавялі з Магілёўскай калёніі № 15.

Напярэдадні дня народзінаў унука ягоная бабуля Тамара Ўладзімераўна атрымала ліст:

«Ведаю, што ладзіце сьвяткаваньне майго дня народзінаў. Мне вельмі прыемна. Я ганаруся, што ў мяне такая файная бабуля. Але, напэўна, клапоцячыся пра мяне, ты, бабуля, зусім забылася пра сябе. Атрымліваю так шмат лістоў, што не знаходжу часу на кожнае даць грунтоўны адказ. А вось яшчэ ляжаць лісты з ЗША і Швайцарыі. Адказы на іх напісаў, але няма марак (я яму ў канвэрце пашлю). Зараз чытаю раман Генрыка Сянкевіча „Камо грядеши?“ Я ўжо прачытаў ягоныя „Агнём і мячом“ і „Крыжакоў“. Вельмі ўражаны».

Дзядок – злосны парушальнік.

Валерыя Хоціна, жонка Мікалая Дзядка, які атрымаў 4,5 года за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці каля Генштабу, вярнулася з доўгатэрміновага спатканьня з Магілёўскай калёніі № 15. Валерыя кажа, што трымаецца Мікола годна:

«У яго пачаліся праблемы з зубамі, вымушаны быў вырваць адзін зуб. Перайшоў на іншую працу. Зараз працуе проста падсобным, а раней працаваў на мэталаапрацоўцы, дзе ў яго былі канфлікты з брыгадзірам. За ўвесь тэрмін зьняволеньня ў яго 5 парушэньняў, кожнае дзейнічае паўгода. Апошняе было ў сярэдзіне сьнежня. І калі ён не атрымае яшчэ спагнаньня, то ў сярэдзіне траўня апошняе будзе зьнята. З-за спагнаньняў у яго дагэтуль абмежаваная сума, якую ён можа траціць у месяц. Я думала, што гэтая сума датычыць толькі прадуктаў, але Мікола сказаў, што гэта на ўсё».

Такім чынам, у месяц на так званую «атаварку» — харчаваньне, прадметы гігіены — Мікалай Дзядок можа патраціць адну базавую велічыню, то бок 35 тысяч. Да таго ж яму забаронена наведваць культурніцкія мерапрыемствы, канцэрты. Але што самае істотнае — калі ёсьць спагнаньні, асуджаны ня можа спадзявацца, што пакараньне яму заменяць на лягчэйшае. Да прыкладу, 3 сакавіка — паўтара года, як Дзядок знаходзіцца за кратамі, ён адбудзе траціну тэрміну і паводле закону мае права на замену пакараньня (напрыклад, перавод на «хімію»). Але ягоную кандыдатуру нават не выносяць на разгляд камісіі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *