Намесніку кіраўніка суполкі незалежнага прафсаюзу Мікалаю Карышаву паведамілі ў аддзеле кадраў, што з ім не падаўжаюць кантракт.
Мікалай Карышаў працуе на «Граніце» ў чыгуначным цэху пагрузкі. Кантракт у яго сканчаецца 4 траўня. Ён перакананы, што звальняюць яго з-за прыналежнасьці да прафсаюзу:
«Мне паведамілі, што кантракт не падаўжаюць з-за дысцыплінарных спагнаньняў. Фактычна за месяц я атрымаў аж тры спагнаньні.
За сем гадоў не было ніводнага спагнаньня, а тут адразу тры за месяц.
Калі мне выпісвалі гэтыя спагнаньні, то я казаў начальніку, што гэта наўмысна робіцца, каб падвесьці пад звальненьне. А ён сядзіць, усьміхаецца і нармальна гэта…», — кажа Карышаў.
Мікалай Карышаў адзначае, што яму нават не прадставілі копіі папер аб дысцыплінарных спагнаньнях. З запытам ён зьвяртаўся да адміністрацыі.
«Аднак мне паведамілі, што іх выдадуць мне толькі паводле рашэньня суду. Зразумела, што я буду падаваць у суд. Буду пісаць і ў пракуратуру, што ў адносінах да мяне прымяняюць дыскрымінацыю паводле прыналежнасьці да прафсаюзу», — кажа Карышаў.
Кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Алег Стахаевіч, таксама нядаўна звольнены з прадпрыемства, кажа, што прафсаюз будзе бараніць свайго сябра:
«Крыўдзіць Мікалая мы не дазволім. І наша пярвічная арганізацыя, і Беларускі незалежны прафсаюз, і Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў стануць на яго абарону.
У нас ёсьць база доказаў аб фальсыфікацыях гэтых дысцыплінарных спагнаньняў. Таму ў судзе мы будзем бараніць яго правы.»
Спадар Стахаевіч кажа, што падобная справа рыхтуецца супраць яшчэ аднаго сябра незалежнага прафсаюзу — Генадзя Паўлоўскага: «І на яго зараз фальсыфікуюць дакумэнты аб дысцыплінарным спагнаньні. Яго сёньня выклікалі, і, як я разумею, спрабуюць падвесьці пад прагул. Хаця ён адсутнічаў па позьве ў Лунінцы, з чым начальства было азнаёмлена. У позьве было пазначана, што ён там знаходзіўся з 10-й да 16-й гадзіны. Тым не меней, супраць яго фабрыкуюць дакумэнты.»
Пры канцы 2011 году некалькі соцень працаўнікоў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць) напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Такім чынам яны выказалі пратэст супраць памеру заробкаў, пагардлівага стаўленьня з боку адміністрацыі і бязьдзеяньня афіцыйнага прафсаюзу.
Рабочыя абвясьцілі, што ствараюць на прадпрыемстве суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу. Адразу ж сябры незалежнага прафсаюзу пачалі адзначаць ціск з боку адміністрацыі.