Чарговае звальненьне на «Граніце»

Зь мікашэвіцкага прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» звольнены актывіст незалежнага прафсаюзу Генадзь Паўлоўскі, які каля 20 гадоў працаваў кіроўцам «БелАЗу».

Як апавёў кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу Алег Стахаевіч, Паўлоўскага звольнілі за прагул, нягледзячы на тое, што ён паказаў позву, паводле якой выклікаўся ў міліцыю:

«Аднак прычыну палічылі няўважлівай, падключылі да гэтага спэцслужбы, зрабілі нават лякалізацыю тэлефанаваньняў. І так вось падвялі пад прагул яго звальненьне. Нягледзячы на тое, што рабочыя напісалі ліст падтрымку Генадзя, пад якім падпісалася больш як 90 чалавек. За 20 гадоў працы ў яго ня было ніводнага дысцыплінарнага спагнаньня».

Спадар Стахаевіч перакананы, што справа сфабрыкаваная, але незалежны прафсаюз будзе адстойваць правы Генадзя Паўлоўскага: «Будзем судзіцца. Так мы гэта не пакінем».

Сам кіраўнік незалежнага прафсаюзу на «Граніце» атрымаў адказ зь Берасьцейскага абласнога суду на сваю скаргу аб незаконным, на яго думку, пазбаўленьні правоў кіроўцы. Сакратар прафсаюзу Анатоль Літвінка, які па адукацыі зьяўляецца юрыстам, кажа, што гэта звычайная адпіска:

«Сэнс лісту з абласнога суду ў тым, што ніякіх доказаў таго, што невінаваты, Стахаевіч не падаў, таму рашэньне суду ніжэйшай інстанцыі пакінулі ў сіле. Ніякія прапазыцыі нашага боку не былі прынятыя да ўвагі. Звычайная адпіска, на якую трэба было патраціць больш за месяц.»

Алег Стахаевіч быў пазбаўлены правоў кіроўцы начальнікам Лунінецкай ДАІ. Пасьля гэтага яго звольнілі з «Граніту», бо ён працаваў кіроўцам «БелАЗа». Раённы і абласны суды пакінулі рашэньне начальніка ДАІ ў сіле. Цяпер Алег Стахаевіч кажа, што рыхтуе скаргу ў Вярхоўны суд.

Акрамя звольненага Алега Стахаевіча, не працягнулі кантракт з жонкай сакратара незалежнага прафсаюзу Людмілай Літвінкай. 14 сакавіка намесьніку Стахаевіча Мікалаю Карышаву паведамілі, што з траўня зь ім не падаўжаецца кантракт. Цяпер за прагул звальняюць актывіста прафсаюзу Генадзя Паўлоўскага.

Анатоль Літвінка кажа, што паступіла дакладная інфармацыя, што зараз будуць фабрыкаваць і ягонае звальненьне:

«Майму непасрэднаму начальніку так і намякнулі, што або ты Літвінку звольніш, або цябе звольнім».

Пры канцы 2011 году некалькі соцень працаўнікоў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Такім чынам яны выказалі пратэст супраць памеру заробкаў, пагардлівага стаўленьня з боку адміністрацыі і бязьдзеяньня афіцыйнага прафсаюзу.

Рабочыя абвясьцілі, што ствараюць на прадпрыемстве суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу. Адразу ж сябры незалежнага прафсаюзу пачалі зазнаваць ціск з боку адміністрацыі.

Крынiца.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *