Купалаўскі парк пад пагрозаю знішчэння!

Беларускае рэспубліканскае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры забіла трывогу: пад пагрозаю знішчэння апынуўся адзін з унікальных паркавых ансамбляў у цэнтры Мінску — Парк імя Янкі Купалы з музеем і помнікам.

Прычыны занепакоенасці нашай праграме паведаміў кіраўнік Таварыства Антон Астаповіч, у рукі якога трапілі даволі цікавыя афіцыйныя дакументы: “Гэта копія рашэння Мінскага гарвыканкама, выпіска з пратаколу навукова-метадычнае рады па пытаннях гісторыка-культурнае спадчыны, нават ёсць на руках копія генплана гэтага аб’екта – за музеем Янкі Купалы ў Парку Янкі Купалы будуць

 

высякацца дрэвы, і там плануецца пабудаваць рэстаран на сто пасадачных месцаў.

 

Усе гэтыя рашэнні прымаліся без уліку меркаванняў Леаніда Левіна і спадара Градава, якія з’яўляліся аўтарамі рэканструкцыі Купалаўскага парку; гэта зроблена насуперак прынцыповай пазіцыі “Зелянбуда”, які рэзка выступіў супраць гэтага праекту. Увогуле Купалаўскі парк – гэта гісторыка-культурны аб’ект, гэта каштоўнасць другой катэгорыі. Міністэрства культуры, нягледзячы на гэта, узгядняе. І не проста будзе руйнавацца гісторыка-культурная каштоўнасць – высечка дрэваў, арганізацыя тэхнічных праездаў, але будзе фрагментарна ліквідавацца і вось гэтая літая 50-х гадоў мінулага стагоддзя чыгунная агароджа”.

 

Адмоўныя наступствы

На думку Антона Астаповіча, будаўніцтва рэстарацыі будзе мець шматлікія адмоўныя наступствы, у тым ліку і экалагічныя: “Гэта ж зялёны куток у цэнтры горада. Згодна з распрацоўваемым ужо праектам, павінная быць прымусовая адкачка грунтовых водаў. Гэта прывядзе да паніжэння іх узроўня і да хваробаў і ўсыхання ўсяго парку. А менавіта ў тым куточку – папуляцыя соек і папуляцыя вавёрак, таксама ўсё гэта будзе знішчана.

 

Тут яшчэ прысутнічае і маральны аспект: музей, фантан, помнік, і тут побач – прабачце мяне, п’яная забягалаўка там, дзе дзеці гуляюць. І закон парушаны, і мараль парушана. Таварыства зараз працуе над гэтым пытаннем, ужо гатовы тэкст ліста на імя прэзідэнта, які пойдзе не ад імя Таварыства, а подпісы будуць збірацца сярод мінскай інтэлігенцыі, а Таварыства непасрэдна будзе звяртацца ў кантрольна-рэвізійныя і праваахоўныя органы, ну і таксама на імя прэзідэнта з пазначэннем гэтай праблемы, каб навялі нармальны парадак, таму што чарговы гісторыка-культурны аб’ект, унікальны ландшафтны аб’ект у цэнтры Мінску пад пагрозай поўнага знішчэння”.

 

Падрабязней пра Купалаўскі парк і яго гістарычна-культурную каштоўнасць вы можаце прачытаць тут:

http://minsk-old-new.com/minsk-2772.htm

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *