Iнтэрв’ю з працоўным актывістам

db9146a100d4Як ужо паведамлялася раней, на стеклазаводзе «Нёман», што ў  г. Бярозаўка, працоўныя аказалiся ў цяжкiм становiшчы. Беларускiя анархiсты вырашыла не заставацца ўбаку. Дзеля таго, каб вызначыць, у чым прычына канфлiкту мы ўзялi інтэрв’ю у аднаго з працоўных актывістаў. 

— Мы ведаем, што на «Нёмане» аднойчы ўжо быў страйк, распавядзiце калi ласка пра гэтыя падзеi

—  Так, на заводзе ўжо быў аднойчы стыхійны страйк, кароткатэрміновы, тады таксама затрымлівалі заробкі, але страйк быў не агульназавадзкі, тады кінулі працу 2 цэха. Грошы на зарплату “хутка знайшліся” і жыцьцё пайшло сваёй каляінай.

— А што здарылася зараз?

— На сёньняшні дзень заробкі затрымліваюцца сістэматычна, з парушэньнямі калектыўнай дамовы (па кал.дамове павінны выплочваць 2 разы на месяц, апошняя выплата – не пазьней за 25-га чысла). Фактычна выплочваюць адзін раз на месяц, ці ў апошніх чыслах ці ў першых наступнага месяца, затрымка складае ад 3 да 7 дзён. Да таго ж, амаль кожны месяц кіраўніцтва бярэ крэдыты ў розных банках, і рабочым адчыняюць рахункі (без іх ведама і згоды) ў гэтых банках. Найбольшыя праблемы ўзніклі, калі заробак рабочым налічылі на рахункі Аграпрамбанка, бо ў Бярозаўцы гэты банк мае маленькую філію з адным касавым акенцам. Няцяжка ўявіць, як больш за 3 тысячы чалавек атрымлівалі свае заробленыя мазалём грошы. Чарга пачала стварацца з 4 гадзін раніцы, падчас адкрыцьця касы ў чарзе стаяла , напэўна, каля тысячы чалавек, якія расцягнуліся на некалькі соцень метраў, і чэргі па грошы (праўда, ўжо крыху меншыя) захоўваліся яшчэ некалькі дзён.

Таксама пачаліся збоі з пастаўкамі малочных прадуктаў для рабочых, якія працуюць на ўчастках са шкоднай вытворчасьцю. Ёсьць інфармацыя (пацьвердзіць яе, што праўда, цяжка), што завод павінен Лідскаму і Наваградзкаму малаказаводам ужо больш за 70 млн.рублёў. Замест сокаў, якія павінны выдаваць рабочым некаторых участкаў (у асноўным – вытворчасьць крышталю), ад пачатку года выдаюць мармелад (і яшчэ кажуць, што ён больш карысны!).

Са жніўня па пачатак лістапада 2 цэха па вытворчасьці крышталю (а гэта амаль палова завода) працавалі па 4 гадзіны. Перавод на скарочаны працоўны дзень адбыўся з парушэньнямі заканадаўства, што пацьверджана інспекцыяй працы. Напрыканцы лістапада плянуецца перавод на скарочаны працоўны дзень 2 цэхаў па вытворчасьці безкаляровых шкловырабаў, але ўжо адпаведна заканадаўству (апякліся першым разам!).

Гэтыя ды розныя іншыя праблемы назапашваліся, а загад аб падвышэньні нормаў вырабатк на 20% стаў апошняй кропляй. Многія рабочыя заклікалі да страйку, але вырашылі зьвярнуцца з лістом да міністра. (Страйк не вырашыў бы праблем, толькі хіба пар павыпускаў з людзей).  [Мы з гэтым не згодны. Прамое дзеянне — лепшы з магчымых сродкаў барацьбы. АД-Бел]  Пад зваротам падпісалася больш за 1000 чалавек. Зварот яшчэ не быў адасланы, а рэакцыя пайшла: прыязджалі з ФПБ, з райвыканкаму, вось учора (17.11) казалі, што была і міністэрская праверка. Кіраўніцтва добра-ткі “нацягнулі”. Нормы падвысілі толькі на 2-3%, і тое дзесьці толькі на ¼ асартыментаў выпусканай прадукцыі. Хаця адразу начальства ўпэўнена казала, што “нікуды вы (рабочыя) ня дзенецеся, якія нормы зробім, такія і будзеце выконваць. На сёньняшні дзень рабочыя адчуваюць сваю перамогу.

— Цi iснуюць на заводзе прафсаюзы? Якую пазiцыю да гэтых падзей яны займаюць?

— Прафсаюз на заводзе адзін, афіцыйны. Па вялікім рахунку, працы ягонай не адчуваецца. Уся дзейнасьць зводзіцца да арганізацыі ўсялякіх спартакіядаў, разьмеркаваньня пуцёвак, выдачы навагодніх падарункаў дзецям рабочых ды інш. А вось загад аб няпоўным працоўным дні нават не ўзгадняўся з прафкамам, і прафкам не запярэчыў, нібыта яго гэта не датычыць. Таксама падчас пераводу на кантракты прафкам не прымаў ніякага ўдзелу хацяб у інфармаваньні рабочых. Карацей – не прафсаюз, а прыдатак завадзкой адміністрацыі.

— Якi зараз настрой у людзей? Цi адчуваецца адзiнаства сярод працоўных, або iснуе  падзел  сярод квалiфiкаваных i неквалiфiкаваных?

— Настрой ў рабочых зараз даволі скептычны, хаця тое, што зварот нарабіў “шораху” вельмі цешыць людзей. Для сацыяльнага выбуху, страйку, трэба каб было яшчэ горш, але, напэўна,аўніцтва завода зараз будзе вельмі асьцярожнае, ім непрыемнасьці таксама непатрэбныя.

Пра адзінства рабочых казаць цяжка, і падзел тут не па кваліфікацыях, а,
хутчэй, па ўзросьце.  Найбольшы пратэстны патэнцыял – у рабочых ад 25 да 35 гадоў, найменшы – ад 40 (жанчыны) і 45(мужчыны). (жанчыны па гарачым стажы ідуць на пенсію ў 45, мужчыны – у 50, таму апошнія гады ніхто ня хоча рызыкаваць, вытыркацца, бо могуць не працягнуць кантракт. Хаця шмат рабочых працуюць і пасьля атрыманьня права на пенсію, бо спецыялістаў не хапае, а моладзь неахвотна ідзе працаваць у гарачы цэх, ды й яшчэ і з начнымі зьменамі). Але ў вырашальныя моманты цяжка прадбачыць, хто зможа падтрымаць, паводзіны людзей цалкам непрадказальныя.

— Калi пачнецца страйк, якая будзе рэакцыя кiраўнiцтва? Цi магчымы звальненнi, лакаўт, штрэйкбрэйхерства? 

— Наконт рэакцыі кіраўніцтва на страйк: завадатараў, канешне, звольняць, не адразу, дык па сканчэньні кантракту . Да лакаўта справа не дойдзе, на маю думку. Усё ж такі, горадаўтваральнае прадпрыемства, калі спыніць завод – горад выбухне адназначна. Штрэйкбрэхеры – адказаць цяжка, як будуць паводзіць сябе людзі ў падобнай сітуацыі. Калі праблема будзе сур’ёзная, авгульная, то баставаць будуць усе. Думаю, нікому сумленьне не дазволіць пачаць працу, калі твае сябры, сваякі, прыяцелі страйкуюць (тут магу дадаць, што Бярозаўка хаця і горад з насельніцтвам болей за 11,5 тыс., насамрэч па сутнасьці сваёй з’яўляецца вялікай вёскай, дзе амаль усе адзін аднаго ведаюць, паўсюль кумы-сваты-швагры ды іншыя сваякі, і гэта ёсьць добрай глебай для салідарнасьці).

-Дзякуй за вашы адказы. Жадаем поспехаў працоўным «Нёмана» у iх барацьбе!

Наогул, завод зараз апынуўся у даволi цяжкiм становiшчы: складскiя запасы гатовай прадукцыi састаўляюць каля 300% сярэднямесячнага аб`ёму вытворчасцi на сумму каля 20 млрд. рублёў. Кiраўнiцтва завода тлумачыць  гэта наступствамi мiравога крызiсу, але як i заўсёды, расплочваюцца за ўcё простыя людзi:  зараз на «Нёмане», як i на многiх астатнiх мерапрыемствах Беларусi, няпоўны працоўны дзень. Сярэдняя зарплата складае каля 300-400 тыс. рублёў. Зразумела, што пражыць на гэтую сумму проста не магчыма. Выхад адзін — супраціўленне!

1 коммент

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *